Гайцюнішкі

У гэтай вёсцы знаходзіцца ўнікальны для Беларусі будынак – дом-крэпасць Нонхартаў. Па выглядзе дома можна адразу сказаць, што гэты будынак у першую чаргу абаронны. На ім практычна няма дэкаратыўных элементаў, але затое заўважна, што сцены ў дома-крэпасці дастаткова тоўстыя. Акрамя таго, пра абарончы характар будынка кажуць і вузкія вокны-байніцы ў вуглавых вежах.

Зараз унутры там псіхіятрычная бальніца, таму ацаніць дом-крэпасць можна толькі знадворку.

Тракелі

У вёсцы Тракелі знаходзіцца драўляны касцёл Благавешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэты касцёл – помнік драўлянага дойлідства XIX стагоддзя, які некалькі разоў рэстаўраваўся. Нягледзячы на сціплы выгляд касцёл прыцягвае да сябе турыстаў, бо там захоўваецца ўнікальны абраз Божай Маці Тракельскай.

Тракелі

Абраз прывезены з Вільні яшчэ ў XVI стагоддзі, перажыў некалькі пажараў і застаўся цэлым. Яго лічаць цудадзейным, што выклікае яшчэ большую цікавасць у турыстаў.

Радунь

У вёсцы Радунь падарожнік знойдзе дзве цікавосткі: касцёл Маці Божай Ружанцовай і будынак Радунскай ешывы.

Радунь

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у сваім знешнім абліччы спалучае бутавы камень, з якога зроблены сцены, і атынкаваныя дэкаратыўныя элементы. Будынак касцёла адносяць да стылю мадэрн, хаця некаторыя элементы і нагадваюць гатычны стыль. Касцёл пабудаваны ў 1933 годзе і дзейнічаў нават падчас савецкай улады.

Кажучы пра Радунь, варта згадаць наступны факт: некалі гэта было яўрэйскім мястэчкам, пра што цяпер нагадвае будынак Радунскай ешывы. Яе заснаваў рэлігійны пісьменнік і законавучыцель Хафец-Хаім, магіла якога служыць месцам паломніцтва на мясцовых могілках.

Радунь

Зараз будынак Радунскай ешывы выкарыстоўваецца як дом культуры, але па-ранейшаму нагадвае пра іўдзейскую абшчыну, якая існавала тут да пачатку другой сусветнай вайны.

Больценікі

Вёска Больценікі прыцягвае турыстаў сядзібай Путкамераў і каменем Адама Міцкевіча. Сама сядзіба выканана з чырвонай цэглы ў стылі англійскай неаготыкі. Побач з сядзібай захаваўся парк, у якім некаторыя дрэвы прывезены спецыяльна па заказе пана.

Таксама з Больценікамі звязана імя Адама Міцкевіча. Паэт быў закаханы ў Марылю Верашчака, якая была заручана з графам Валжынцам Путкамерам. Нягледзячы на гэта закаханыя сустракаліся ў гаі недалёка ад сядзібы, дзе захаваўся камень, які пасля назвалі каменем Міцкевіча. На ім высечаны крыж, і ходзіць легенда, што гэта зрабіў або Адам Міцкевіч, або Марыля Верашчака ад нераздзеленага кахання. На гэтым месцы працягваюць сустракацца закаханыя пары. Наведвальнікі тут дакранаюцца да каменя і загадваюць жаданні – мясцовыя жыхары кажуць, што яно спраўдзіцца!

Жырмуны

У цэнтры вёскі Жырмуны знаходзіцца драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа. Гэты касцёл адносіцца да класіцызму, а таксама з'яўляецца ўзорам драўлянага дойлідства. Касцёл Адшукання Святога Крыжа існуе ў сучасным выглядзе з канца XVIII стагоддзя. Да гэтага на яго месцы існавала яшчэ два касцёлы, якія былі разбураны. Частка ацалелых старажытных абразоў і скульптур перанесена ў дзеючы храм. Такой рэліквіяй лічыцца арган, які і цяпер іграе на службах.

Сам будынак мае 200-гадовую гісторыю і захаваўся практычна ў першапачатковым выглядзе, што даволі вялікі тэрмін для драўлянага будынка.

Воранаўскі раён багаты на цудоўныя сядзібы, касцёлы, цэрквы і іншыя значныя славутасці Беларусі. І таму падарожнікам варта наведаць гэты раён, каб не прапусціць унікальных збудаванняў з доўгай гісторыяй!