Правесці на возеры свой вольны час у гарачыя летнія дні – суцэльнае задавальненне! Аднак не варта забываць пра неабходнасць галаўных убораў. Мы парэкамендуем вам некалькі азёр Беларусі, дзе адпачывае не толькі цела, але і душа

Браслаўскія азёры

Віцебская вобласць мае велізарную колькасць азёр. Самымі папулярнымі азёрамі з'яўляюцца Браслаўскія. Створаны аднайменны Нацыянальны парк, куды любяць прыязджаць на адпачынак з усіх куткоў Беларусі.

Браслаўскія азёры

Чаму ж? Адказ вельмі просты: тут неверагодныя краявіды, багаты жывёльны свет і сапраўды касмічная атмасфера. Акрамя неапісальнага хараства, ёсць тут і славутасці, вартыя вашай увагі: касцёл Святой Троіцы ў Відзах, аглядная пляцоўка на гары Маяк, замчышча ў Дрысвятах і, вядома ж, сам горад Браслаў. Дарэчы, на тэрыторыі нацыянальнага парка ёсць некалькі вяровачных гарадкоў, музей ката і шмат пляцовак, якія дакладна спадабаюцца вашым дзецям.

Белае возера

Цішыня, спакой, супакаенне – гэта ўсё пра атмасферу возера Белае (Полацкі раён). Крыштальная вада, адлюстроўваючы сонечныя прамяні, здаецца чалавечаму воку белай. Па адной з легенд, менавіта таму возера атрымала такую назву.

Белае возера

Тут ёсць уладкаваны пляж, дзе можна ўзяць напракат катамараны, байдаркі, мангал, дзеці могуць паскакаць на батутах. А яшчэ на набярэжнай ёсць некалькі кафэ, дзе можна смачна і нядорага перакусіць. 

Возера Рудакова

Шмат каму можа здацца, што ў Мінскай вобласці лепш за Нарач возера не знайсці, але мы паспяшаемся аспрэчыць гэту інфармацыю. Возера Рудакова знаходзіцца зусім побач з Нараччу ў Мядзельскім раёне. Вада там не проста чыстая, але і гаючая. Пару гадоў таму ў пробах вады знайшлі срэбра, а мясцовыя жыхары звязалі гэта з легендай пра патанулую некалі царкву. 

Блакітная Крыніца

Гэта месца лічыцца святым, а крынічная вада – гаючай. Шмат людзей прыязджае сюды, у Магілёўскую вобласць, каб пакупацца менавіта тут, бо мясцовыя кажуць, што тут лечыць нават паветра.

Блакітная Крыніца

Крынічная вада заўсёды халаднаватая (прыкладна 5 градусаў), таму доўга плаваць не атрымаецца, але можна спакойна арганізаваць пікнік у альтанках паблізу і палюбавацца краявідамі. Дарэчы, Блакітная Крыніца – гэта самая вялікая крыніца ва Усходняй Еўропе, якая захавалася ў натуральным стане. Гэты водны аб'ект знаходзіцца пад Слаўгарадам. А гэта значыць, што ў вас будзе класная магчымасць пазнаёміцца бліжэй з галоўнай славутасцю Слаўгарада – сядзібай Галіцыных.

Возера Глыбокае

Гэты вадаём знаходзіцца ў Полацкім раёне і лічыцца самым чыстым возерам у Беларусі. Тут арганізавана платная рыбалка, а ў сонечныя дні нават можна займацца падводным паляваннем. Празрыстасць вады тут дасягае 9,5 метраў! Калі выбераце гэта месца для вашага адпачынку, то не забудзьцеся зазірнуць у чароўны старажытны горад Полацк.

Возера Глыбокае

У Беларусі каля 11 тысяч азёр. Кожнае ўнікальна па-свойму, кожнае заслугоўвае вашай увагі, у кожнага свая гісторыя і свае легенды. Можна з упэўненасцю сказаць, што адпачынак на нашых азёрах не можа быць дрэнным, бо прырода ўзнагародзіла нашу краіну маляўнічымі азёрамі і неапісальнымі краявідамі. Спадзяёмся, што ў нашай падборцы вы знойдзеце менавіта той вадаём, дзе вы паўнавартасна адпачнеце і зарадзіцеся энергіяй!