Вакзалы

У горадзе іх два: Баранавічы Палескія і Цэнтральныя. Першы цікавы самім будынкам. Унутры маляўніча і нават паэтычна: калоны, аркі, балюстрады – своеасаблівае «ХХ стагоддзе прадстаўляе». Адсюль пачыналася гісторыя горада – ён узнік як буйны чыгуначны вузел, дзякуючы пракладзеным у 1870-х гадах чыгуначным магістралям. Першы цягнік, які прайшоў праз горад, накіроўваўся па маршруце Смаленск-Брэст у 1871 годзе. Гэта дата лічыцца годам заснавання Баранавічаў.

Вакзалы

Побач з Цэнтральным вакзалам размешчаны Баранавіцкі музей чыгункі. Можна пахадзіць самастойна, разгледзець цягнікі саліднага ўзросту, зазірнуць унутр вагонаў, якія дыхаюць гісторыяй, пакатацца на ручной дрызіне. Калі паклапаціцца пра наведванне загадзя, можна патэлефанаваць у музей і дамовіцца на экскурсію, каб паслухаць пра побыт чыгуначнікаў і зразумець, з чаго і як пачыналіся цягнікі ў Беларусі.

Ленін, верабей і рыбка

Не, гэта не назва байкі, гэта скульптуры, якія ўпрыгожваюць цэнтр горада. Цэнтрам з'яўляецца, па класіцы беларускіх назваў, плошча Леніна. Яе лёгка знайсці і цяжка згубіць: дайсці можна па галоўнай вуліцы (Савецкай, як няцяжка здагадацца), з характэрных асаблівасцяў – помнік, уласна, Леніну. Побач размяшчаюцца больш каларытныя славутасці. Напрыклад, помнік вераб'ю.

Ленін, верабей і рыбка

Ён з'явіўся ў далёкім 2003, калі птушкай года быў абвешчаны дамавы верабей. Птушку года выбіраюць для прыцягнення ўвагі да праблемы скарачэння відавой разнастайнасці. Акрамя сацыяльнага, скульптура мае і практычнае значэнне: верабей сядзіць не проста так, а закрывае бронзавым целам трубу тэхнічнага прызначэння. Рыба ж выяўлена на адным з барэльефаў кампазіцыі, прысвечанай творчасці Францыска Скарыны. Своеасаблівыя накрыўкі-люкі адлюстроўваюць герояў прадмовы да кнігі «Юдзіф», якую стварыў першадрукар. Надпіс пад помнікам – знаёмыя сакральныя радкі: "рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае". Удалы кантраст на фоне ўсюдыісных леніных і саветаў.

Гастратурызм

Самая «смачная» частка артыкула. Жыхары Баранавічаў яшчэ з 90-х цэняць мясцовы фастфуд – бутэрброды-лодачкі, якія прыдумала гаспадыня ўстановы Ірына Лапчанка. Класічная «лодачка» – выцягнутая хрусткая вафелька з сасіскай і соусам (ёсць і іншыя начынкі). Цэны зусім не кусаюцца – лодачку можна купіць менш, чым за 2 рублі. Размешчана закусачная на бульвары Штакерау (назвай вуліца абавязана аўстрыйскаму гораду-пабраціму Баранавічаў).

Гастратурызм

Другі пункт хутчэй салодкі, чым сытны – малочны бар «Васьміножак». Там знойдзеце дэсерты са свежых малочных прадуктаў уласнай вытворчасці. Усё гэта – у прыемным марскім антуражы.

Музеі

Прапануем наведаць класіку музейнага жанру – краязнаўчы (можна папярэдне замовіць экскурсію). Адрас: Савецкая, 88. Ад дыназаўраў да нашых дзён у разрэзе Баранавічаў – правераны спосаб даведацца падрабязней, з чаго пачынаўся гэты край.

Музеі

Іншы варыянт – музей-аптэка. З 1920-х дом належаў правізару, сам ён жыў на другім паверсе, над аптэкай. Арыгінальнае паглыбленне ў побыт мінулага стагоддзя з фармацэўтычным каларытам. Адрас: Тэльмана, 15. Для экскурсіі трэба дамаўляцца з загадчыцай.

Мы пералічылі асноўныя цікавосткі Баранавічаў, але важна памятаць, што прыгажосць – у вачах таго, хто глядзіць! Кожнаму падарожніку западае ў душу нешта сваё. Прыязджайце ў Баранавічы і знайдзіце сваю разыначку гэтага горада!