Гісторыя Брэсцкай крэпасці

Будаўніцтва цытадэлі пачалося ў 30-х гадах XIX стагоддзя. Тэрыторыя сучаснага Брэста тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, таму імператар Мікалай I загадаў пабудаваць на ўскраіне горада шэраг магутных умацаванняў, каб абараняць заходнюю частку дзяржавы. Так на астравах, якія ўтвораны Бугам і яго прытокам Мухаўцом, з'явілася цаглянае збудаванне, якое складалася з чатырох умацаванняў.

Брэсцкая крэпасць-герой

Ваенна-палітычная сітуацыя ў Еўропе доўгі час была напружаная, таму крэпасць некалькі разоў мадэрнізавалі. У канцы XIX стагоддзя яна была акружана фартавым поясам. На тэрыторыі цытадэлі размяшчаліся кадэцкі корпус, збожжасховішча, пякарня, ваенны шпіталь, праваслаўны храм. Крэпасць некалькі разоў наведвалі расійскія імператары і вышэйшыя вайсковыя начальнікі.

На пачатку Першай сусветнай вайны намаганнямі салдат і мірных жыхароў ішла інтэнсіўная падрыхтоўка цытадэлі да баявых дзеянняў. Але ў 1915 годзе было прынята рашэнне пакінуць абарону, вывезці каштоўную маёмасць, а збудаванне часткова падарваць.

Брэсцкая крэпасць-герой

Увесну 1918 года ў сценах крэпасці быў падпісаны Брэсцкі мірны дагавор. Брэст перайшоў пад кантроль Германіі, а потым Польскай дзяржавы. Да пачатку Другой сусветнай вайны абарончы комплекс выкарыстоўваўся ў якасці турмы, ваенных складоў і казарм.

У першыя ж дні Другой сусветнай вайны ўмацаванне зведала нямецкую бамбардыроўку. У сярэдзіне верасня 1939 года цытадэль была занята немцамі, а 22 верасня Германія перадала горад разам з крэпасцю Савецкаму Саюзу.

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі накрылі крэпасць агнём. Нягледзячы на тое, што атака была нечаканай для жыхароў цытадэлі, нямецкія салдаты сутыкнуліся з моцным супраціўленнем. Крэпасць вытрымала доўгія дні аблогі, перш чым пала пад націскам ворага. Але нават калі палі апошнія абарончыя ўчасткі, асобныя групы і адзінкавыя байцы працягвалі даваць адпор варожым войскам. Згодна з гістарычнымі дакументамі, апошні абаронца крэпасці быў узяты ў палон толькі праз месяц пасля пачатку аблогі.

Брэсцкая крэпасць-герой

Пасляваенны перыяд

Пасля канчатковай перамогі над ворагам Брэсцкая крэпасць стала важным сімвалам гераізму і супраціўлення савецкага народа. Пра падзеі, якія адбываліся ў яе сценах у чэрвені 1941 года, пішуць аповесці, здымаюць фільмы. Праз 20 гадоў пасля заканчэння вайны, вясной 1965 года, крэпасць атрымала ганаровае званне "Крэпасць-герой". А ў 1971 годзе яна стала мемарыяльным комплексам, які нязменна цікавіць беларускіх і замежных гасцей горада. Паводле дадзеных супрацоўнікаў комплексу, за ўвесь час яго існавання Брэсцкую крэпасць наведала 25 мільёнаў чалавек са 140 краін свету. Сюды прыязджаюць, каб больш даведацца пра першыя дні крывавай вайны, ушанаваць памяць загінуўшых герояў, пазнаёміць дзяцей з важнымі старонкамі нашай гісторыі.

Трагічную атмасферу першых ваенных дзён можна адчуць ужо на ўваходзе ў комплекс – наведнікаў сустракае паведамленне пра пачатак вайны і гукі выпушчаных снарадаў. Уваход аформлены ў выглядзе зоркі, выразанай у вялізным жалезабетонным масіве.

Брэсцкая крэпасць-герой

Мемарыяльны комплекс уключае:

  • Музей, прысвечаны абароне цытадэлі. Яго фонды складаюць прадметы ваеннага побыту, дакументы, зброя, асколкі снарадаў, кнігі, ваенныя фотаздымкі.
  • Пяты форт, дзе функцыянуюць выстаўкі ваеннай тэматыкі.
  • Паўднёва-ўсходняя казарма – тут размешчана экспазіцыя "Музей вайны – тэрыторыя міру".
  • Скульптурныя кампазіцыі ў гонар савецкіх воінаў – манументальныя ўзоры мастацтва, створаныя савецкімі майстрамі.

Побач знаходзяцца рэшткі муроў Белага палаца і Свята-Мікалаеўскі праваслаўны храм.

У сценах мемарыяльнага комплексу адбываюцца выстаўкі, аглядныя і тэматычныя экскурсіі, лекцыі па гісторыі, паказы ваенных фільмаў і гістарычных хронік, культурныя мерапрыемствы.

Брэсцкая крэпасць-герой

Каб убачыць Брэсцкую крэпасць на ўласныя вочы, прыязджайце ў Брэст на цягніку ці аўтобусе. Дабрацца да мемарыяльнага комплексу можна на грамадскім транспарце, а ў добрае надвор'е сюды можна нетаропка прагуляцца пешшу ад вакзала.