Доўгі час паселішча належала знатным князям і ўплывовым магнатам: князю Свідрыгайлу, роду Гаштольдаў, гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Каралю Хадкевічу, сям’і Сапегаў.

У XIV-XV стагоддзях горад лічыўся добра ўмацаваным – яго абкружаў глыбокі роў з бастыёнамі, на ўездзе ўздымалася абарончая вежа, заехаць у паселішча можна было толькі праз вялікую каменную браму. У канцы XVI стагоддзя, пасля нечаканага нападу казакаў, уладар Быхава Ян Караль Хадкевіч прыняў рашэнне ўмацаваць горад, пабудаваўшы абарончы замак. Будаўнічыя працы былі завершаны ў пачатку XVII стагоддзя. Тагачасны быхаўскі замак быў магутным непрыступным умацаваннем, абкружаным з трох бакоў глыбокім ровам.

Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў

У 1621 годзе Быхаў стаў уласнасцю Сапегаў. Новыя гаспадары вырашылі ўзмацніць абароназдольнасць замка: дабудавалі бастыёны, з заходняга боку ўзвялі двух’ярусныя абарончыя вежы, умацавалі вароты адмысловай сістэмай жалезных запораў і металічнай кратай – герсай. Крэпасць была прамавугольнай тэрыторыяй, па перыметры якой размяшчаліся гаспадарчыя будынкі, ва ўсходняй частцы знаходзіўся палац гаспадароў у стылі барока з элементамі рэнесансу. Ён быў двухпавярховы: на першым паверсе знаходзіліся парадныя залы, сталовая, службовыя памяшканні, на другім – жылыя пакоі. У вежах размяшчаліся бібліятэка, капліца, працоўны кабінет. Галоўны фасад палаца быў арыентаваны на Дняпро. Уваход у будынак, павернуты унутр двара, быў аформлены двух’яруснай арачнай галерэяй.

Замак неаднойчы вытрымліваў штурмы і аблогі ворагаў. Падчас Паўночнай вайны ён быў захоплены рускім войскам, бо гаспадары Быхава падтрымлівалі шведскага караля.

Пасля паўстання 1830 года, у якім Сапегі падтрымалі паўстанцаў, Быхаўскі замак быў канфіскаваны дзяржавай. З гэтага часу ён паступова страчваў абарончае значэнне. У яго сценах размяшчалася турма, потым казармы і ваенныя склады. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў замку знаходзіўся штаб нямецкіх акупантаў і яўрэйскае гета. У другой палове ХХ стагоддзя памяшканні замка выкарыстоўваліся для патрэб дрэваапрацоўчага прадпрыемства. У 2004 годзе ў сценах крэпасці адбыўся вялікі пажар, які ператварыў стары будынак у руіны.

Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў
Быхаўскі замак Хадкевічаў і Сапегаў

У 2010-2012 гадах тэрыторыю вакол Быхаўскага замка ачысцілі, а сам будынак закансервавалі. Да 2013 года атрымалася аднавіць дзве вежы абарончага комплексу, але праз недахоп фінансавых сродкаў рэстаўрацыйныя работы часова спыніліся.

Цяпер на месцы аднаго з самых магутных умацаванняў часоў Рэчы Паспалітай можна пабачыць толькі сляды былой велічы: часткі роваў, бастыёнаў, сцены палаца Сапегаў. Але нават напаўразбураныя будынкі, якія захаваліся дагэтуль, здзіўляюць падарожнікаў сваёй непрыступнасцю. Тэрыторыя замкавага комплексу адкрыта для наведвання. Да яго вядуць ахайныя дагледжаныя сцежкі, уздоўж якіх размешчаны лаўкі і ліхтары, што атмасферна падсвечваюць замак у вечаровы час. Тут можна паблукаць самастойна, адчуць подых гісторыі, дакрануцца да магутных цагляных сцен, пабачыць скляпеністыя столі ніжняга яруса, падняцца па сходах на другі паверх. Падчас прагулкі па руінах трэба быць асцярожным і ўважліва глядзець пад ногі, бо будынак доўгія гады знаходзіўся ў занядбанні. Каля замка можна пабачыць яшчэ адзін узор абарончай архітэктуры – сінагогу, узведзеную ў пачатку XVII стагоддзя.

Даехаць да Быхава аўтамабілем можна па трасе М4 – і своечасова збочыць на трасу Р71. Прамых цягнікоў і аўтобусных рэйсаў са сталіцы няма. Цягніком атрымаецца даехаць толькі з перасадкамі ў Жлобіне, Асіповічах ці Магілёве.