Праваслаўнае Раство беларусы адзначаюць з 6 на 7 студзеня. Дзякуючы моцнаму ўплыву язычніцкіх традыцый, у нашай краіне святкаванне Раства ўключае хрысціянскія звычаі і элементы народных абрадаў. Напярэдадні свята ў праваслаўных храмах адбываюцца набажэнствы і літургіі. Святочныя дні працягваюцца да Вадохрышча, якое адзначаецца 19 студзеня. Для беларусаў Раство Хрыстова – гэта нагода сабрацца ўсёй сям'ёй і ўзгадаць калядныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Святочны стол

Напярэдадні свята, пасля захаду сонца, сям'я збіралася за сталом у чаканні першай зоркі. Пад абрус клалі пучок сена – як сімвал калыскі немаўляці Ісуса. На стале павінна была стаяць свечка, якая сімвалізуе нязгаснае святло Віфлеемскай зоркі.

Увечары 6 студзеня вячэра была посная. Да каляднага стала стараліся падаць 12 страў – па колькасці апосталаў. Галоўнай святочнай стравай была куцця – каша з крупаў, у якую дадавалі мёд, арэхі, сухафрукты. На стол ставілі кісель, боршч, стравы з капусты, грыбоў, рыбы. Перш чым брацца за ежу, глава сям'і запрашаў да стала памерлых продкаў – «дзядоў». Для памерлых таксама пакідалі частку куцці ў сенях або за вакном.

На наступны дзень, 7 студзеня, на стол ставілі стравы з мяса – каўбасы, халадзец, верашчаку, запечаную гусь. На святочны абед падавалі таксама мочаныя яблыкі, бліны. Нават у небагатых беларускіх сем'ях на калядым стале было шмат прысмакаў.

Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі

Калядаванне

На Раство па хатах хадзілі калядоўшчыкі – пераадзетыя сяляне ў масках ваўка, мядзведзя, казы. Калядоўшчыкі пераапраналіся не толькі ў жывёл, сярод іх сустракаліся такія персанажы, як чорт, баба, цыганы, салдаты. Яны паказвалі сцэнкі і спявалі абрадавыя песні, у адказ гаспадары дома шчодра адоравалі калядоўшчыкаў святочнымі пачастункамі: каўбасамі, арэхамі, салам, блінамі.

Абавязковы атрыбут калядоўшчыкаў – калядная зорка на жэрдцы, якая сімвалізавала Віфлеемскую зорку. У дахрысціянскія часы такая зорка была сімвалам бога Сонца Ярылы. Калядоўшчыкаў сустракалі з радасцю і ўдзячнасцю. Лічылася, што яны нясуць у дом шчасце, і калі не пусціць такіх гасцей у хату, можна навесці бяду на сям'ю і гаспадарку. Традыцыі калядавання да гэтага часу захоўваюцца ў многіх рэгіёнах Беларусі. Дарэчы, калядуюць на Раство не толькі жыхары сельскай мясцовасці, але і гараджане.

Святочныя традыцыі і павер'і

Да Раства было прынята рыхтавацца загадзя, людзі імкнуліся зрабіць усе справы як мага раней. Напярэдадні прыбіралі хату, хадзілі ў лазню, надзявалі чыстае адзенне. Калядным ранкам стараліся падняцца як мага раней.

Пасля царкоўнага набажэнства было прынята хадзіць адзін да аднаго ў госці. Лічылася, што каб год у гаспадароў дома прайшоў паспяхова, першым у хату павінен зайсці мужчына, а не жанчына.

Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі
Калядныя абрады і традыцыі ў Беларусі

У святочныя вечары людзі не працавалі. Яны праводзілі час дома за спакойнымі гутаркамі, спявалі абрадавыя песні, моладзь варажыла. Нягледзячы на рэлігійнае значэнне свята, калядныя дні заўсёды былі напоўнены магіяй. Дзяўчаты варажылі на жаніха, сталыя сяляне спрабавалі вызначыць, наколькі ўрадлівы будзе наступны год. Для гэтага людзі здзяйснялі розныя магічныя абрады:

  • лілі ў ваду расплаўлены воск, каб убачыць твар будучага жаніха;
  • перакідвалі цераз плот чаравік, каб ён паказаў, з якога боку будзе жаніх;
  • палівалі пладовыя дрэвы вадой, сцэджанай з куцці, – каб яны не вымерзлі ўзімку;
  • аддавалі першы калядны блін свойскай жывёле, каб яна была здаровая ўвесь год;
  • перавязвалі вяроўкай ножкі абедзенага стала, каб абараніць хату ад нягод;
  • насыпалі насенне на стол, бо верылі, што куры ды гусі дадуць сёлета добры прыплод;
  • свянцілі дом вадой, асвечанай у царкве, каб адагнаць нячыстую сілу.

У розных рэгіёнах Беларусі святочныя традыцыі адрозніваліся, але нязменным заставалася адно – Раство Хрыстова заўсёды было днём радасці, цёплых сямейных сустрэч, падзякі за пражыты год. Сучасныя беларусы адзначаюць свята з блізкімі, а потым выпраўляюцца ў госці, наведваюць калядныя кірмашы, глядзяць калядныя прадстаўленні, удзельнічаюць у святочных праграмах у тэатрах, музеях ды іншых установах краіны.