Назва маёнтка звязана з трагічнай гісторыяй. Ён быў названы ў гонар аднаго з сыноў Пуслоўскага – Альберта, які знік пры нявысветленых абставінах. Па адной версіі ён патануў у возеры падчас прагулкі, па іншай – назаўсёды знік разам з сямейнымі каштоўнасцямі, калі хаваўся падчас паўстання. Існуе нават фантастычная версія пра тое, што Альберт Пуслоўскі трапіў у пятлю часу, бо пры пошуках не знайшлі нават намёку на яго след. Ахоплены жалем і роспаччу бацька заўсёды ставіўся да сына з асаблівай любоўю, таму вырашыў назваць сядзібу яго імем.

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме

Сядзібны комплекс уключаў тры асноўныя аб'екты:

  • зімовы палац;
  • святочны палац;
  • летні палац.

Акрамя палацаў на тэрыторыі размяшчалася жытло для слуг, стайня, вяндлярня, млын, алейня і іншыя гаспадарчыя будынкі. Побач з сядзібай быў створаны парк.

Сям'я Пуслоўскіх валодала некалькімі прадпрыемствамі і была даволі забяспечанай, таму маёнтак адпавядаў высокаму статусу гаспадароў. У сядзібе праводзіліся балы і прыёмы, ладзіліся тэатральныя прадстаўленні. Тут мелася багатая бібліятэка, захоўвалася калекцыя італьянскага жывапісу і сямейныя каштоўнасці.

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме

У канцы XIX стагоддзя з палітычных прычын сям'я Пуслоўскіх страціла ласку кіраўнікоў Расійскай імперыі. Маёнтак быў канфіскаваны і перайменаваны ў Александрынск, у гонар расійскага імператара. У 20-х гадах новага стагоддзя папярэдняя назва была вернута, але сям'я Пуслоўскіх у пачатку 30-х назаўжды пакінула краіну і вывезла ўсе фамільныя каштоўнасці.

Сядзіба «Альбярцін» у наш час

Цяпер тэрыторыя гістарычнага сядзібнага комплексу належыць мясцовай папярова-кардоннай фабрыцы «Альбярцін». Уваход у комплекс адкрывае ўязная брама. Будынак зімовага палаца захаваўся ў амаль нязменным стане. Цяпер тут дзейнічае спартыўны клуб, які належыць фабрыцы. На фасадзе можна заўважыць дэкор на спартыўную тэматыку, зроблены ў савецкі час. Насупраць будынка знаходзіцца скульптура спартсмена. Добра захаваўся і галоўны будынак комплексу – святочны палац. Ён мае характэрную для архітэктуры XIX стагоддзя планіроўку: урачыстыя калоны, вялікі ганак, упрыгожаны антычнымі вазамі, дэкаратыўныя элементы, ажурныя балконныя агароджы, скульптуры ільвоў на ўваходзе. Цяпер будынак выкарыстоўваецца як дом культуры, бібліятэка і моладзевы цэнтр.

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме

Летні палац не захаваўся, але ў пачатку 2000-х на яго падмурку пабудавалі гасцініцу, якая арганічна спалучаецца з іншымі аб’ектамі комплексу. Будынак адноўлены па планах арыгінальнага Летняга палаца.

На тэрыторыі маёнтка знаходзіцца таксама цагляны будынак стайні, узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя. Нягледзячы на гаспадарчае прызначэнне, знешне ён нагадвае сядзібу або палац. Арнаментальная кладка з чырвонай цэглы, вокны рознай формы, мазаічнае шкло надаюць будынку прыгожы выгляд. Побач з сядзібай знаходзіцца парк і маляўнічае возера, якое таксама мае назву Альбярцін.

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме

Сядзіба Пуслоўскіх у Слоніме зацікавіць не толькі аматараў сядзібна-паркавай архітэктуры, але і ўсіх турыстаў, неабыякавых да гісторыі нашай краіны. Слонім – адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, дзе захавалася шмат архітэктурных каштоўнасцей. Акрамя сядзібы «Альбярцін», тут можна пабачыць сінагогу і касцёл бернардынак XVII стагоддзя, царкву Святога Андрэя XVIII стагоддзя, гарадскія будынкі XVIII-XIX стагоддзяў і іншыя цікавыя гістарычныя аб'екты. З Мінска ў Слонім можна прыехаць цягніком і рэйсавымі аўтобусамі.