Паселішча Гальшаны ўпершыню згадваецца ў старажытных дакументах у XIII стагоддзі. Тады тут знаходзіўся замак, пабудаваны князем Гольшам. Да пачатку XVI стагоддзя драўляны будынак быў рэзідэнцыяй роду Гальшанскіх. Калі апошні прадстаўнік мужчынскага роду Гальшанскіх сышоў з жыцця, замак перайшоў ва ўласнасць Паўла Сапегі, жонкай якога была княгіня Алена Гальшанская. Сапега прыняў рашэнне перанесці княскую рэзідэнцыю на левы бераг ракі Гальшанкі, якая тады мела назву Луста. Так у першай палове XVII стагоддзя пачынаецца гісторыя Гальшанскага замка.

Гальшанскі замак

Па кампазіцыі каменнае збудаванне нагадвала замак у Міры. Ён меў прамавугольную замкнутую форму з вежамі па вуглах. Нягледзячы на тое, што замак узводзіўся з абарончымі мэтамі, вежы не выконвалі абарончую функцыю – у сценах былі вялікія вокны, а ўсярэдзіне знаходзіліся жылыя пакоі. Пры гэтым будынак быў умацаваны валамі і абкружаны равамі з вадой.

У час свайго росквіту замак у Гальшанах быў адным з самых прыгожых і велічных замкаў на тэрыторыі Беларусі. Сапегі не шкадавалі сродкаў на ўладкаванне рэзідэнцыі. Аздабленне фасаду і інтэр’ераў будынка сведчылі пра веліч і магутнасць славутага роду. Вокны, якія выходзілі ў двор, былі ўпрыгожаны каларытнымі вітражамі, столь і каміны дэкараваны ляпнінай, падлога выкладзена мазаікай. У палацы былі пракладзены вадаправод і каналізацыя, зроблена сістэма ацяплення. У вялікіх скляпах знаходзіліся запасы харчоў, зброя, стайня, памяшканні для слуг. Тэрыторыю вакол замка ўпрыгожвалі маляўнічыя штучныя азёры.

Гальшанскі замак

Пасля смерці Паўла Сапегі рэзідэнцыя адышла яго стрыечнаму брату. У пачатку XVIII стагоддзя, падчас Паўночнай вайны, будынак быў моцна пашкоджаны, замак пачаў прыходзіць у заняпад. У XIX стагоддзі гаспадар колішняй рэзідэнцыі Сапегаў, рускі памешчык Гарбанёў, разбурыў частку сцен, каб зарабіць грошай на продажы цэглы. Пасля Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары пачалі разбіраць рэшткі замка на калгасныя будынкі.

Гальшанскі замак сёння

Да нашых дзён Гальшанскі замак захаваўся часткова – засталіся дзве вежы і частка паўночна-заходняй сцяны. Цяпер тут ідуць рэстаўрацыйныя работы. Спецыялісты робяць усё магчымае, каб захаваць тое, што засталося ад калісьці велічнай рэзідэнцыі. Рэстаўратары здолелі аднавіць Паўночную вежу – тут працуе музей, экспанаты якога распавядаюць наведнікам пра гісторыю Гальшан, архітэктуру замка і жыццё яго ўладальнікаў. На верхнім ярусе вежы знаходзіцца аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца від на прыродную прыгажосць аграгарадка.

Асобнае месца ў гісторыі Гальшанскага замка займаюць містычныя легенды, якія дадаюць гэтаму месцу таямнічасці і рамантыкі:

  • Пра Белую панну – маладую дзяўчыну, якую паводле легенды замуравалі ў сценах манастыра. Кажуць, яе прывід часта бачаць работнікі і наведнікі замка.
  • Пра Чорнага Манаха – простага юнака з трагічным лёсам, цень якога блукае ўначы па галерэях замка.
  • Пра стары млын – нягледзячы на тое, што ад будынка засталіся толькі сцены, мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ўначы тут можна пачуць іржанне коней, размовы людзей і рыпенне жорнаў.
  • Пра таемныя падземныя хады і скарбы, схаваныя пад зямлёй.
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак
Гальшанскі замак

У сценах Гальшанскага замка адбываюцца музычныя вечары, сярэднявечныя фестывалі, тэатралізаваныя праграмы, гульні-квэсты для дзяцей і дарослых. Для наведнікаў праводзяцца экскурсіі, працуе сувенірная крама з працамі беларускіх майстроў, функцыянуе велапаркоўка.

Калі будзеце ў Гальшанах, не забудзьцеся наведаць іншыя мясцовыя славутасці: касцёл францысканцаў XVI стагоддзя, праваслаўны храм святога Георгія, гандлёвыя рады і гістарычную забудову XIX стагоддзя. З Мінска ў Гальшаны можна даехаць рэйсавым аўтобусам або маршруткай. Каб дабрацца сюды на аўтамабілі, трэба ехаць у бок Гродна праз Ракаў і Крэва.