II Еўрапейскія гульні

Спартыўная падзея

II Еўрапейскія гульні – галоўная спартыўная падзея 2019 года, якую чакае не толькі Беларусь, але і ўвесь свет. На гэты раз прымаць найважнейшыя спаборніцтвы планеты будзе беларуская сталіца – горад Мінск. Гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня. А галоўнымі спартыўнымі пляцоўкамі, дзе спартсмены будуць змагацца за ўзнагароды, стануць Мінск-Арэна, Чыжоўка-Арэна, а таксама легендарны стадыён «Дынама», дзе не так даўно завяршылася рэканструкцыя. Слоган гульняў, які ўжо зараз можна ўбачыць на шматлікіх білбордах мінскіх вуліц, гучыць «Bright Year, Bright You». На беларускую мову яго можна перакласці як «Час яскравых перамог». Гэты слоган па-майстэрску абыгрывае скарачэнне BY, дзякуючы якому Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. У якасці лагатыпаў спартыўнага свята прапаноўваўся зубр, бусел і нават тыгр. А з раслін – васілёк і дзьмухавец. Але выбралі папараць-кветку і купальскае вогнішча. Бо гэтыя сімвалы з'яўляюцца асабліва значнымі для славянскіх народаў. Апрача таго II Еўрапейскія гульні пройдуць незадоўга да Купалля.

й

Гістарычная даведка. У першы раз Еўрапейскія гульні прайшлі ў Баку ў 2015 годзе. Беларусь стала сёмай і атрымала дзесяць медалёў вышэйшай пробы. Але не ўсе ведаюць, што ў час выбару найбольш прыдатнага для II Еўрапейскіх гульняў месца разгарнулася сапраўдная барацьба. Спачатку сваю зацікаўленасць у гэтым спартыўным мерапрыемстве выказалі Нідэрланды, якія потым ад гэтай ідэі адмовіліся. Затым у барацьбу ўключыліся наступныя дзяржавы: Беларусь, Расія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя. Як вынік – у гэтай нялёгкай барацьбе Беларусь выйшла абсалютнай пераможцай. Знакавае рашэнне аб тым, што Беларусь будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, прынялі ў кастрычніку 2016 года. Выбар Беларусі звязаны з тым, што ў нашай краіне ёсць не толькі цудоўная спартыўная інфраструктура, але і добры вопыт арганізацыі і правядзення топавых мерапрыемстваў (напрыклад, Чэмпіяната свету па хакеі ў 2014 годзе).

й

Задача па фарміраванні станоўчага іміджа II Еўрапейскіх гульняў ускладзена на папулярных асоб, якія папаўняюць спіс зорных паслоў. Сярод зорных паслоў - вядомыя імёны, якія на слыху нават у тых, хто не асабліва цікавіцца спортам. Гэта і алімпійскія чэмпіёны Дар'я Домрачава і Аляксандр Мядзведзь, і цыркавыя артысты браты Запашныя.

ш

Праграма II Еўрапейскіх гульняў вельмі насычаная. У асноўным гэта будуць масавыя і папулярныя віды спорту. У Мінску спартсмены будуць спаборнічаць у пятнаццаці відах спорту, калі будуць разыграны дзве сотні камплектаў узнагарод. У гэтым свяце спорту прыме ўдзел каля чатырох тысяч спартсменаў з пяцідзесяці дзяржаў. У першую чаргу мы ўбачым спаборніцтвы па боксе, барацьбе, гімнастыцы, каратэ, лёгкай атлетыцы і іншых. Таксама ў праграму гульняў уключаны Чэмпіянат Еўропы па дзюдо, які пройдзе ў сценах Чыжоўка-Арэны, дзе збярэ толькі лепшых з лепшых. Вядома, II Еўрапейскія гульні цяжка ўявіць без дапамогі валанцёраў. Iх тут будзе больш за восем тысяч.