Горад Камянец быў заснаваны ў XIII стагоддзі Валынскім князем Уладзімірам Васількавічам. Тады ж на беразе ракі Лясной была пабудавана Камянецкая вежа, прызначаная для абароны гараджан ад набегаў ворагаў. Гэта была характэрная для сваёй эпохі вежа валынскага тыпу. Такія абарончыя збудаванні існавалі ў многіх гарадах Беларусі, але захавалася толькі Камянецкая. Будынак вышынёй каля 30 метраў меў агульныя архітэктурныя рысы з данжонамі – распаўсюджанымі ў Еўропе вежамі, што будаваліся як частка феадальнага замка.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа

Для будаўніцтва выкарыстоўвалася жоўтая і чырвоная цэгла, зробленая з мясцовай гліны. Цагліны выкладзены характэрнай на той час вендскай кладкай – калі дзве цэлыя часткі цэглы чаргуюцца з адной чвэрцю. Таўшчыня сцен дасягае двух метраў. Вежа мае круглую форму і не аздоблена ўпрыгажэннямі і вонкавым дэкорам, за выключэннем спічастых праёмаў байніц, характэрных для гатычнага стылю. Абрысы вежы нагадваюць шахматную ладдзю. Усярэдзіне будынак падзелены на пяць ярусаў, злучаных сходамі. На ніжніх ярусах захоўвалі правізію, на верхніх – зброю і боепрыпасы. Вузкія байніцы, якія прарэзаны на розных узроўнях, дазвалялі паспяхова абстрэльваць варожыя войскі з усіх бакоў.

Верхняя частка будынка – зубчастая. Яна складаецца з 14 прамавугольных зубцоў, у якіх, праз адзін, таксама прарэзаны байніцы. З цягам часу зубцы былі разбураны, але іх аднавілі падчас рамонту, праведзенага ў 1950-х гадах.

Некалькі стагоддзяў вежа ў Камянцы спраўна выконвала абарончыя функцыі. У XIV – XVII стагоддзях яна зведала шматлікія набегі татар і крыжакоў, пад сценамі вежы неаднойчы адбываліся бітвы і жорсткія баі. У пачатку XVIII стагоддзя, з развіццём ваеннай тэхнікі, будынак паступова страціў абарончыя функцыі і прыйшоў у занядбанне. Марадзёры разрабавалі ваенны інвентар, а прадпрымальныя людзі спрабавалі разабраць вежу на цэглу для гаспадарчых патрэб. Але здзейсніць гэту задумку не ўдалося: сярэднявечная кладка была настолькі моцная, што старажытныя сцены цягам стагоддзяў ператварыліся ў адзін маналітны камень.

У пачатку ХХ стагоддзя з ініцыятывы мясцовага святара Л. Паеўскага была зроблена спроба адрэстаўраваць будынак. Вакол яго насыпалі новы земляны вал, аднавілі пашкоджаныя ўчасткі сцен, уваход, які калісьці быў падземным, зрабілі галоўным.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа
Камянецкая вежа

Пасля двух войнаў, у 50-х гадах, у будынку зноў правялі аднаўленчыя работы, а саму вежу звонку пабялілі, таму і пачалі зваць яе Белай вежай. Блізкасць Белавежскай пушчы замацавала за вежай гэту назву і ператварыла яе ў своеасаблівы беларускі брэнд. Пазней, у 90-х гадах, пабелку ўсё ж прыбралі і вярнулі абарончаму будынку першапачатковы выгляд.

Музей "Камянецкая вежа"

Нягледзячы на свой сталы век, вежа ў Камянцы добра захавалася і сёння выглядае велічна і эфектна. Аб'ект знаходзіцца пад аховай дзяржавы. З 1960 года ў яго сценах дзейнічае філіял Брэсцкага краязнаўчага музея. Кожны ярус будынка прадстаўляе асобную экспазіцыю:

  • На першым ярусе дэманструецца рэканструкцыя падвальных памяшканняў XIII стагоддзя. У даўніну тут знаходзіліся харчовыя склады, склеп, калодзеж.
  • На другім ярусе можна пабачыць археалагічныя артэфакты, знойдзеныя ў Камянцы і Камянецкім раёне, – вырабы з металу, упрыгожванні, фрагменты ганчарных вырабаў.
  • Трэці ярус прысвечаны гісторыі горада ў складзе ВКЛ.
  • Чацвёрты ярус знаёміць наведнікаў з гісторыяй Камянецкай вежы і развіццём абарончага дойлідства на тэрыторыі Беларусі ў XIII – XVII стагоддзях.
  • На пятым ярусе прадстаўлены воінскія даспехі, прыклады зброі XIII – пачатку XV стагоддзяў: мячы, дзіды, кальчугі, арбалеты, шлемы.

Музей прапануе наведнікам:

  • тэматычныя і інтэрактыўныя экскурсіі;
  • аглядныя экскурсіі, прысвечаныя архітэктуры горада, якія праводзяцца на агляднай пляцоўцы;
  • квесты і музейныя гульні для дзяцей;
  • 3D-дэманстрацыю панарамы старажытнага Камянца і ўзнаўленне крыжацкай аблогі.

Прыехаць у Камянец з Мінска або Брэста можна на рэгулярным аўтобусе. Вежа-музей знаходзіцца зусім побач з аўтастанцыяй Камянец.