Яго плошча складае каля двух кіламетраў квадратных, а глыбіня ў некаторых месцах дасягае 15 метраў. Свіцязь – адно з найпрыгажэйшых азёраў у Беларусі. Круглае люстра вады ляжыць сярод лясоў і пагоркаў. Крыштальна чыстая вада, у якой нават на глыбіні відаць пясчанае дно, зачароўвае турыстаў, якія прыехалі сюды ўпершыню.

Возера Свіцязь утварылася ў выніку правалу грунту ў падземныя пустоты. Але гэта навуковае тлумачэнне. Нашмат прыгажэйшымі падаюцца народныя легенды пра тое, што калісьці на месцы вадаёма быў горад Свіцязь. Аднойчы, калі князь горада Туран рушыў з дружынай у Навагрудак, каб дапамагчы князю Міндоўгу адбіць у супраціўнікаў гэты горад, на Свіцязь напала варожае войска. Старыя, жанчыны і дзеці, якія засталіся тут, вырашылі не здавацца ворагу і падпалілі свае дамы. Раптам зямля расхінулася і горад праваліўся ўніз. На яго месцы з’явілася прыгожае лясное возера, а жыхары горада ператварыліся ў белыя кветкі. Па легендзе, дачка князя Турана ператварылася ў русалку і атрымала імя Свіцязянка, бо стала захавальніцай возера. Беларуска-польскі паэт Адам Міцкевіч звярнуўся да гэтага міфа ў аднайменнай баладзе.

Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь

Гісторыя пра горад, які пайшоў пад зямлю, – не адзіная легенда, звязаная з гэтым месцам. Кажуць, у ціхае надвор'е на беразе можна пачуць як гучаць званы храма, схаванага ў глыбінях возера Свіцязь. А таямнічая Свіцязянка дагэтуль з'яўляецца перад рыбакамі і турыстамі. Скульптура русалкі ўпрыгожвае наваколле як даніна павагі мясцоваму фальклору.

Легенду цяжка пацвердзіць навукова, а вось пра таямнічыя сцежкі балтыйскіх плямёнаў, якія калісьці праходзілі па дне возера, сведчаць археалагічныя знаходкі. Фрагмент брукаванай дарогі быў знойдзены на дне вадаёма ў 70-х гадах. Гісторыкі і археолагі ўпэўнены, што раней у цэнтры возера месцілася ўзвышша, якое мела культавае значэнне для нашых далёкіх продкаў.

Аднак ёсць рэчы, якія здзіўляюць нават навукоўцаў. Напрыклад, даследчыкі не могуць растлумачыць, чаму ўзровень вады ў Свіцязі заўсёды аднолькавы, нягледзячы на засуху, дажджы і іншыя змены надвор'я. А яшчэ ў возеры жывуць рэдкія рэліктавыя малюскі, якія сустракаюцца толькі ў прэсных водах Францыі, Германіі і Бельгіі. Як яны трапілі ў ізаляваныя воды Свіцязі, куды не ўпадае ніводная рака, – загадка. Яшчэ адзін таямнічы насельнік вадаёма – водарасць тэтрадзініум яванікум, якая акрамя Свіцязі ёсць толькі на востраве Ява, размешчаным у Малайскім архіпелагу.

Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь
Таямнічае возера Свіцязь

У 1970 годзе возера і прылеглая да яго тэрыторыя атрымалі статус ландшафтнага заказніка «Свіцязянскі». Сёння возера Свіцязь – камфортнае месца для экатурызму, актыўнага адпачынку і сямейных уік-эндаў. Яно ідэальна пасуе для адпачынку з дзецьмі – уваход у ваду пакаты, дно роўнае і пясчанае. Улетку тут заўсёды шмат людзей, на беразе адпачываюць мясцовыя жыхары і госці Наваградчыны. Уздоўж вадаёма размешчаны пляжы, на якіх ёсць кабінкі для пераапранання, прыбіральні, паркоўкі. У гарачы сезон на беразе з’яўляюцца крамкі з карыснай ежай ды прысмакамі. У возеры дазволена рыбная лоўля – у Свіцязі водзяцца шчупакі, акуні, плоткі, яршы, печкуры.

Побач з возерам знаходзіцца дзіцячы аздараўленчы лагер і аднайменны санаторый. Турысты, якія прыязджаюць на некалькі дзён, могуць спыніцца ў аграсядзібах або абсталяваным кемпінгу. Возера Свіцязь размешчана ў 150 кіламетрах ад Мінска. Сюды нескладана даехаць машынай або аўтобусамі, якія адпраўляюцца са сталічнага аўтавакзала «Цэнтральны».