Летні амфітэатр і Плошча зорак

Канцэртная пляцоўка

«Не бачыў амфітэатр – не быў у Віцебску». Так кажуць у «горадзе на Дзвіне». І гэта не выпадкова – Летні амфітэатр лічыцца візітнай карткай Віцебска. Будынак гэтай канцэртнай пляцоўкі знаходзіцца ў самым цэнтры горада на праспекце Фрунзе, 13А. Доўгі час пляцоўка выступае месцам правядзення знакамітага Міжнароднага музычнага фестывалю «Славянскі базар».

д

Фота

Гістарычная даведка. Будаўніцтва віцебскага амфітэатра пачалося ў 1987 годзе дзеля таго, каб правесці на гэтай пляцоўцы Усесаюзны фестываль польскай песні. Амфітэатр пабудаваны па праекце архітэктара Бабашкіна. Было вырашана пабудаваць пляцоўку ў натуральным заглыбленні – яры ручая, адхоны якога абаранялі б залу ад шуму горада. Будаўніцтва было скончана ў рэкордна хуткі час. I ўжо ўлетку 1988 года сцэна прыняла першых выканаўцаў. Глядзельная зала ўмяшчала 5400 чалавек. А з 1992 года ў Летнім амфітэатры пачаў праходзіць Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». На сённяшні дзень сцэна амфітэатра «бачыла» практычна ўсіх вядомых выканаўцаў краін СНД.

Амфітэатр некалькі разоў быў на рэканструкцыі. Самай маштабнай стала рэканструкцыя 2006 года. Тады зала для гледачоў была павялічана да 6200 месцаў, а таксама быў зроблены дах, які мясцовыя жыхары ахрысцілі «кепкай Лужкова». Гэту мянушку дах атрымаў з-за візіту тагачаснага мэра Масквы Юрыя Лужкова ў Віцебск у 1998 годзе і яго прапановы зрабіць над амфітэатрам дах. Але гэту ідэю ажыццявілі толькі ў 2006 годзе. З-за таго, што Летні амфітэатр знаходзіцца ў яры, у 90-я гады яго ахрысцілі «ямай».

д

Фота

На пляцоўцы каля Летняга амфітэатра знаходіцца знакамітая Плошча зорак, якая з'яўляецца адной з галоўных славутасцяў Віцебска. Яшчэ ў 2009 годзе гэта была звычайная алея. А ў 2016 годзе па даручэнні кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі алея была перароблена ў Плошчу зорак. Тут знаходзяцца паліраваныя гранітныя квадраты, на якіх намаляваны васілёк – сімвал фестывалю «Славянскі базар», а таксама імёны лаўрэатаў прэзідэнцкай узнагароды «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразуменню». На сённяшні дзень на Плошчы знаходзяцца 14 імянных пліт. Сярод іх знакамітых уладальнікаў – Ала Пугачова, Тамара Гвердцытэлі, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Уладзімір Мулявін і ансамбль «Песняры», Надзея Бабкіна і інш. У 2018 годзе на Плошчы з'явілася імянная пліта казахскай спявачкі Розы Рымбаевай. Наведаць Плошчу зорак можна як днём, так і ўвечары. З надыходам цемры ўключаецца падсвет, які асвятляе дрэвы і імянныя таблічкі. Гэта надае Плошчы чароўнасць і прыгажосць.

л

Фота

Перад уваходам на сцэну амфітэатра растуць тры дрэвы – каштан, бяроза і ліпа. Знаходзяцца яны тут не выпадкова: іх пасадзілі ў 2001 годзе ў гонар прыезду на фестываль Прэзідэнтаў адразу трох краін – Беларусі, Украіны і Расіі.

Сёння Летні амфітэатр у Віцебску – сучасная канцэртная пляцоўка, якая абсталявана па апошнім слове тэхнікі. Акрамя «Славянскага базару» амфітэатр не раз станавіўся пляцоўкай для канцэртаў папулярных выканаўцаў. Побач з амфітэатрам знаходзіцца стадыён, які ў зімовы час ператвараецца ў каток.