Гісторыя замка пачынаецца ў 1323 годзе, калі літоўскі князь Гедымін загадаў пабудаваць крэпасць, якая абараніла б насельніцтва ад нападаў крыжаносцаў і забяспечыла бяспеку Ліды – важнага гандлёвага і культурнага цэнтра княства. Менавіта таму збудаванне называюць замкам Гедыміна.

Лідскі замак

Будаўніцтва цытадэлі працягвалася некалькі гадоў. Спачатку гэта быў умацаваны фартыфікацыйны аб'ект, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя. Пазней на тэрыторыі была пабудавана праваслаўная царква, а таксама жылыя і гаспадарчыя аб'екты. Такім чынам, замак стаў надзейным прытулкам для жыхароў Ліды і яе ваколіц падчас нападу варожых армій. Ён уяўляў сабой будынак у форме няправільнага чатырохвугольніка з вуглавымі вежамі. Замак быў пабудаваны з цэглы і вялікіх валуноў.

У сярэдзіне XVII стагоддзя крэпасць паддалася націску войскаў Маскоўскага царства, а ў пачатку XVIII стагоддзя ўмацаванне было двойчы разбурана шведскімі войскамі, якія здолелі падарваць абедзве вежы. Пасля паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе муры замка былі разбураныя яшчэ больш.

Лідскі замак

У 1891 годзе ў Лідзе адбыўся моцны пажар, таму ўлады прынялі рашэнне выкарыстаць матэрыялы ўмацавання для адбудовы горада. Паўднёва-заходняя частка вежы і частка муру былі разабраныя гараджанамі.

Пры савецкай уладзе рабіліся спробы аднавіць замак, аб'ект быў узяты пад ахову дзяржавы. У канцы ХХ–пачатку ХХI стагоддзяў на яго тэрыторыі праводзіліся рэстаўрацыйныя работы, дзякуючы якім збудаванне было часткова адноўлена. Намаганнямі рэстаўратараў былі рэканструяваны абедзве вежы, наноў адбудаваныя крапасныя сцены.

Лідскі замак

Сёння замак Гедыміна ў Лідзе з'яўляецца важным культурным і гістарычным помнікам Беларусі. Ён прыцягвае турыстаў велічнай архітэктурай, музейнымі экспазіцыямі, цікавымі мерапрыемствамі, якія рэгулярна праводзяцца ў яго сценах. Тут ладзяцца тэматычныя фестывалі, святы, рыцарскія турніры, анімацыйныя праграмы, касцюмаваныя шоу, кірмашы, тэатралізаваныя прадстаўленні.

Славуты будынак знаходзіцца ў самым цэнтры Ліды – прывабнага гарадка Гродзенскай вобласці. З Гродна і Мінска сюды можна патрапіць на аўтамабілі, аўтобусе, маршрутцы ці цягніку. Дарога па аўтамабільнай трасе зойме прыкладна дзве гадзіны.

Лідскі замак

4 прычыны наведаць замак Гедыміна

  1. Дух сярэднявечча. Нягледзячы на тое, што будынак быў некалькі разоў рэканструяваны, тут захоўваецца непаўторная гістарычная атмасфера. Драўляныя збудаванні, пад'ёмны мост, старажытныя калодзежы, музейныя экспазіцыі дазваляюць з галавой акунуцца ў свет знатных князёў і высакародных рыцараў. У маладых ёсць магчымасць адчуць сябе вялікім князем літоўскім Ягайлам і Соф'ей Гальшанскай, зарэгістраваўшы ў сценах замка шлюб у стылі Сярэднявечча.
  2. Унікальная архітэктура. Замак – жывы прыклад сярэднявечнага фартыфікацыйнага дойлідства. Ён захапляе наведвальнікаў велічнымі вежамі, моцнымі сценамі, масіўнымі брамамі, зграбнымі аркамі. Падняўшыся на сцены збудавання вы можаце паглядзець на горад праз байніцы, якія захаваліся са старажытных часоў, зрабіць атмасферныя фота, якія папоўняць вашу калекцыю падарожніка.
  3. Развітая турыстычная інфраструктура. У ваколіцах замка вы знойдзеце кафэ, рэстараны з мясцовай кухняй і славутым мясцовым півам, сувенірныя крамы, прагуляецеся ўздоўж рэчкі па акуратных дарожках. Мясцовыя ўлады імкнуцца, каб турысты адчували сябе зручна і камфортна.
  4. Цікавыя экскурсіі, падчас якіх вы шмат даведаецеся пра гістарычныя, культурныя, архітэктурныя асаблівасці нашай краіны. Вы наведаеце розныя часткі цытадэлі, паслухаеце цікавыя факты і легенды, звязаныя з гэтым месцам. У замку знаходзіцца музейны комплекс, дзе вы пазнаёміцеся з экспазіцыямі, пабачыце артэфакты, звязаныя з жыццём замка і яго жыхарамі, прымерыце рыцарскія даспехі, дакранецеся да старажытнай зброі. Экскурсаводы раскажуць пра ролю ўмацавання ў розныя гістарычныя перыяды, пра падзеі, якія адбываліся вакол яго. Сустрэча з Лідскім замкам – гэта цікавае падарожжа ў мінулае, якое паглыбіць вашыя веды пра Беларусь.
Лідскі замак