Датай заснавання замка лічыцца 1581 год, пра што сведчыць надпіс, выбіты на флюгеры, знойдзеным падчас рэстаўрацыі. Будынак быў узведзены па замове ўплывовага магната Яна Кішкі, які на той час быў гаспадаром Любчы. Спачатку будынак быў драўляны, каменнай была толькі абарончая вежа на ўездзе. Тэрыторыя замка з трох бакоў была абкружана ровам з вадой, з чацвёртага боку – ракой Нёман. У сценах замка размяшчаліся бровар, баня, друкарня, склады, салдацкія казармы, гаспадарчыя будынкі, малітоўны дом – уладар Любчы быў прыхільнікам пратэстантызму.

Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак

На пачатку XVII стагоддзя, у выніку шлюбнага саюзу, замак стаў уласнасцю сям'і Радзівілаў. Радзівілы захоўвалі ў замку калекцыі кніг, зброі, мастацкіх твораў. Яны вылучылі значныя сродкі на ўмацаванне сваёй рэзідэнцыі. Будынак быў агароджаны цаглянымі сценамі мятровай таўшчыні, па вуглах былі дабудаваны тры каменныя вежы.

Нягледзячы на тое, што замак быў добра ўмацаваны, у сярэдзіне XVII стагоддзя ён не здолеў вытрымаць націск запарожскіх казакаў, а пазней і маскоўскіх войск, якія разбурылі і разрабавалі маёнтак Радзівілаў. Будынак цалкам страціў абарончае значэнне, а Радзівілы былі вымушаны выехаць з Любчы. Надалей замак належаў розным сем'ям, якія не дбалі пра падтрыманне парадку на яго тэрыторыі.

У канцы XIX стагоддзя ў Любчанскім замку з'явіліся новыя гаспадары – дваранскі род Фальц-Фейнаў. Фальц-Фейны ўзвялі на месцы замка выкшталцоны палац у стылі неаготыкі і гасцявы дом, аднавілі разбураныя вежы, замяніўшы байніцы вокнамі, добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю – стварылі парк, разбілі клумбы, зрабілі прыстань для лодак. 

У такім выглядзе Любчанская шляхецкая рэзідэнцыя існавала да пачатку ХХ стагоддзя. Дзве сусветныя войны не пашкадавалі Любчу, гістарычныя будынкі былі разбураны, пасля ваенных дзеянняў захаваліся толькі дзве вежы. У пасляваенны час рэшткі палаца Фальц-Фейнаў прыдаліся для будаўніцтва школы. У 60-х гадах пры школе быў адкрыты краязнаўчы музей.

Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак
Любчанскі замак

На пачатку 2000-х гадоў мясцовы жыхар І. Пячынскі зацікавіўся захаваннем гістарычнай памяці. Ён арганізаваў дабрачынны фонд «Любчанскі замак», дзякуючы якому атрымалася сабраць сродкі на частковае аднаўленне замкавага комплексу. На сённняшні час атрымалася аднавіць дзве вежы і адну з крапасных сцен. Няма дакладных звестак пра тое, як выглядалі вежы ўсярэдзіне, таму яны былі адноўлены па ўзоры аналагічных будынкаў. У працы ўдзельнічалі валанцёры, студэнты ВНУ, навуковыя работнікі і проста зацікаўленыя людзі. Аднаўленне Любчанскага замка працягваецца да гэтага дня. У планах ініцыятараў – аднавіць і захаваць архітэктурны помнік, а таксама адкрыць у яго сценах музейную экспазіцыю.

Да завяршэння рэстаўрацыйных работ у замку яшчэ далёка, таму прыязджайце ў Любчу цяпер! Вы ўбачыце адноўленыя будынкі замкавага комплексу, пройдзецеся па маляўнічым беразе Нёмана і, калі захочаце, зможаце асабіста далучыцца да аднаўлення культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Чыгуначнай станцыі ў Любчы няма, таму дабрацца сюды можна толькі аўтамабілем ці аўтобусамі, якія ходзяць з Навагрудка.