У пачатку вайны каля вёскі Буйнічы праходзіла стратэгічная абарончая лінія. Нямецкія войскі планавалі хутка заняць Магілёў. Танкі, пяхота, артылерыя былі накіраваны ў горад. З паветра іх падтрымлівала авіяцыя. Абарона была доўгай і цяжкай. Немцы здолелі прарвацца, але своечасовая контратака дазволіла выбіць фашыстаў з занятых пазіцый. Перавага па колькасці тэхнікі і асабовага складу была на баку ворага, таму праз пэўны час знясіленыя савецкія салдаты былі вымушаны адступіць. Але каштоўныя дні абароны дазволілі савецкай арміі выйграць час і падрыхтавацца да абароны Масквы і далейшых бітваў, якія змянілі ход вайны. Каб ушанаваць памяць абаронцаў айчыны у месцы, дзе праходзілі баявыя дзеянні, увесну 1995 года адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле", які стаў сімвалам гераізму савецкіх салдат.

Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»

Якім паўстае мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"?

Уваход на тэрыторыю комплексу аформлены ў выглядзе арак. Да іх прылягаюць сцены, аформленыя гарэльефамі, на якіх змешчана інфармацыя пра абарону горада. Кампазіцыйны цэнтр мемарыяла – цагляная праваслаўная царква вышынёй 27 метраў. У яе сценах размешчаны мемарыяльныя дошкі з імёнамі забітых абаронцаў горада. У цэнтры будынка размешчаны маятнік Фуко, бесперапынны рух якога сімвалізуе вечную памяць пра герояў вайны. Пад будынкам царквы знаходзіцца склеп, які выкарыстоўваецца для перазахавання парэшткаў савецкіх салдат, знойдзеных на палях бітваў Магілёўшчыны.

Ад царквы ў розныя бакі разыходзяцца дагледжаныя алеі. Адна з іх вядзе да штучнага вадасховішча, якое атрымала назву Возера Слёз. Штучнае возера сімвалізуе слёзы матуль, пралітыя за ўсе гады жахлівай і несправядлівай вайны.

Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»

На тэрыторыі Буйніцкага поля размешчаны прыклады ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны – гаўбіцы, пушкі, зенітныя артылерыйскія ўстаноўкі, танкі, у тым ліку эксклюзіўны трафей – адноўлены нямецкі танк T-III, падняты са дна ракі Друць. Наведнікі комплексу таксама могуць убачыць частку сапраўднага супрацьтанкавага рова.

Мемарыял цесна звязаны з імем вядомага савецкага паэта і празаіка Канстанціна Сіманава. Пісьменнік у якасці ваеннага карэспандэнта быў сведкам тых самых бітваў 1941 года. Гераізм і самаахвярнасць абаронцаў Магілёва ўразілі Сіманава, таму падзеі, якія адбыліся на полі пад Буйнічамі, былі адлюстраваны ў некалькіх яго творах. Пісьменнік нават пажадаў, каб яго прах пасля смерці быў развеяны над Буйніцкім полем. Нашчадкі выканалі гэту просьбу, а праз некаторы час на тэрыторыі комплексу быў усталяваны памятны знак, прысвечаны пісьменніку.

Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле»

Сёння мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле" – гэта важнае гістарычнае месца, якое захоўвае памяць пра трагічныя падзеі беларускай мінуўшчыны і подзвігі мужных абаронцаў. Яго наведваюць школьнікі ў межах гістарычных экскурсій, турысты, якія цікавяцца тэмай Другой сусветнай вайны, мясцовыя жыхары, якія хочуць ушанаваць памяць продкаў і больш даведацца пра ваенную гісторыю нашай краіны. Тут ладзяцца сустрэчы з ветэранамі, патрыятычныя ўрокі для дзяцей, святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя гадавінам вызвалення горада і святкаванню Дня Перамогі.

Мемарыяльны комплекс размешчаны на шостым кіламетры аўтадарогі Магілёў-Бабруйск. Ад магілёўскага чыгуначнага вакзала сюды можна даехаць аўтобусам або маршрутным таксі.