Міёры за сваю гісторыю з 1514 года пабывалі і ў складзе Рэчы Паспалітай, і Польшчы, і Расійскай імперыі. Статус горада Мёры атрымалі ў 1972 годзе. А сёння Мёры па праве называюцца горадам жураўлёў, журавін і экатурызму. І вось чаму!

Мёры

 

Безумоўна, галоўнай славутасцю Мёраў з'яўляецца рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Ельня». Гэта найбуйнейшы балотна-азёрны комплекс Еўропы. Гэтыя балоты славяцца не толькі сваёй непераўзыдзенай прыгажосцю, але і самымі багатымі запасамі журавін. А яшчэ падчас восеньскай міграцыі ў Ізраіль і краіны Афрыкі тут спыняюцца на адпачынак чароды птушак. Менавіта гэты час, з канца жніўня па кастрычнік, так упадабалі турысты. На тэрыторыі заказніка таксама можна паназіраць за жураўлямі і такуючым цецерукамі. Турысты адпраўляюцца на розныя экскурсіі па экасцежках з наведваннем мноства найпрыгажэйшых балот і азёр, дзе яны назіраюць за птушкамі і матылькамі, ходзяць сцежкамі дзікіх жывёл і вучацца распазнаваць іх сляды.

А ў верасні тут праходзіць штогадовы фэст «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», прымеркаваны да пачатку збору журавін і часовага пасялення на балотах птушак.

Мёры

У горадзе таксама ёсць на што паглядзець. Выдатна захаваўся касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі 1907 года пабудовы. Дзякуючы чырвонаму колеру сцен з нетынкаванай цэглы і свайму размяшчэнню храм у стылі неаготыкі высакародна вылучаецца на фоне горада. Храм адметны яшчэ і тым, што ў касцёле захоўваюцца іконы XIX стагоддзя «Маці Божая Чэнстахоўская», «Маці Божая Ружанцовая», «Іосіф з немаўлём».

У 1951 годзе касцёл быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад збожжа. Аднак ужо ў 1956-м храм вярнулі вернікам, і ў 1957 годзе касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі быў паўторна асвечаны.

Таксама заслугоўвае ўвагі турыстаў і праваслаўная царква Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне, якая была ўзведзена ў 1991 годзе на ахвяраванні прыхаджан. 

Непадробную цікавасць у турыстаў выклікае наведванне музеяў, створаных пры СШ №3. І не дзіўна, бо яны ўключаюць больш за 30 тысяч экспанатаў! У краязнаўчым музеі захоўваецца люстэрка ўдзельніцы паўстання 1831 года Эміліі Плятэр, зуб маманцяняці і скарб польскіх манет, знойдзены ў Мёрах у 1984 годзе, а таксама шмат іншага. У музеі кнігі і друку ёсць экзэмпляры, якіх няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. А этнаграфічны музей у двары школы, экспазіцыя якога складаецца з прадметаў археалогіі, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, нумізматыкі, фотаздымкаў, якія расказваюць пра гісторыю развіцця свайго краю – традыцыйны сельскі домік. 

Усё гэта стала магчымым дзякуючы надзвычайным людзям і энтузіястам, якія працуюць у школе. Бо акрамя асветніцкай дзейнасці, школьны музей у Мёрах вядзе актыўную адукацыйную працу. Менавіта з мэтай навучання моладзі створаны гурток пад назвай «Арганаўты мінулага», які закліканы натхніць юных школьнікаў і пазнаёміць іх з краязнаўствам. Часта экскурсіі праводзяць вучні школы, што надае гэтаму мерапрыемству асаблівы шарм. 

Мёры

Улюбёным месцам прагулак гараджан лічыцца добраўпарадкаваная набярэжная ўздоўж маляўнічага возера з шыкоўным відам на касцёл. Цікавым фактам з'яўляецца тое, што пры будаўніцтве набярэжнай былі выкарыстаныя пліты ўзлётна-пасадачнай паласы запаснога аэрадрома авіяцыі Балтыйскага флоту.

Утульнае мястэчка Мёры, з архітэктурай XVIII-XIX стагоддзяў і правільнай геаметрыяй вуліц, заслугоўвае таго, каб правесці тут не адзін дзень.