Да гэтага спектаклі ладзіліся на вуліцах і кірмашах, у дамах прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў асяроддзі магілёўскай інтэлігенцыі выспела думка пра неабходнасць стварэння гарадскога тэатра. Губернатар падтрымаў гэту ідэю, і ў горадзе распачаўся збор сродкаў.

Грошы на будаўніцтва ахвяравалі прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства – ад студэнтаў і настаўнікаў да купцоў і вайскоўцаў. Аўтарам праекта выступіў магілёўскі архітэктар Пётр Камбураў, увасобіць яго ў жыццё дапамог інжынер Уладзіслаў Міляноўскі. Будаўніцтва працягвалася з 1886 па 1888 год.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр

Драмтэатр быў узведзены на месцы былых гарадскіх крапасных умацаванняў – на скрыжаванні Дняпроўскага праспекта (цяпер вул. Першамайская) і Дваранскай вуліцы (цяпер вул. Камсамольская). Фасад прамавугольнага будынка з чырвонай цэглы быў упрыгожаны двума вежападобнымі аб'ёмамі. Паміж вежамі размяшчаўся балкон з порцікамі. Знешні дэкор будынка быў выкананы ў стылі старажытнарускага дойлідства, дэкаратыўныя элементы былі пафарбаваны ў белы колер. Канструкцыю залы для гледачоў, якая змяшчала да 500 чалавек, скапіравалі з Малога тэатра ў Варшаве. Ложы былі ўпрыгожаны драўлянай разьбой, а столі абрамляла ляпніна.

Увесну 1888 года ў будынку адбыўся першы спектакль. Установа адразу ж стала ўлюбёным месцам культурнага адпачынку гараджан. У выходныя на верандзе тэатра граў аркестр.

Сцены магілёўскага драмтэатра памятаюць многіх вядомых дзеячоў культуры і мастацтва: акцёраў Веру Камісаржэўскую і Фёдара Шмакава, спевака Фёдара Шаляпіна, кампазітара Сяргей Рахманінава, скульптара Пятра Яцыну. Сярод наведнікаў былі заўважаны расійскі імператар Мікалай II, беларускія класікі Якуб Колас і Янка Купала.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны і пэўны час пасля ваенных падзей будынак тэатра пуставаў. У пачатку 50-х сюды пераехаў Пінскі абласны драматычны тэатр. З цягам часу будынак састарэў і прыйшоў у аварыйны стан. Сцены, інтэр'еры, унутраныя камунікацыі – усё патрабавала капітальнага рамонту.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр
Магілёўскі абласны драматычны тэатр

У сярэдзіне 80-х гадоў Міністэрства культуры прапанавала знесці магілёўскі тэатр і пабудаваць на яго месцы новы сучасны будынак. Але жыхары горада адстаялі гістарычны помнік. Было вырашана не знесці, а адрэстаўраваць існуючы будынак. Аднаўленчыя работы занялі амаль дзесяцігоддзе – з пачатку 90-х да пачатку 2000-х гадоў.

Рэстаўратары здолелі захаваць выдатную акустыку тэатральнай залы, аднавіць гістарычны выгляд тэатра і яго інтэр'еры. Драўляная разьба балконаў, ляпніна на столі, абіўка крэслаў– усе элементы былі старанна ўзноўлены па старых фота і чарцяжах. Уваход у тэатр упрыгожвае бронзавая скульптура дамы з сабачкам працы У. Жбанкова.

Цяпер магілёўскі драматычны тэатр – гэта адметны архітэктурны помнік горада. За 135 гадоў будынак не страціў сваёй аўтэнтычнасці і чароўнасці дарэвалюцыйнай эпохі. Тут праходзяць спектаклі, тэатральныя форумы і фестывалі, гастролі замежных труп. Тэатр знаходзіцца ў цэнтры горада, побач размяшчаецца прыпынак грамадскага транспарту «Драмтэатр», праз які праходзіць больш за 10 аўтобусных маршрутаў.