У другой палове XVII стагоддзя каталіцкі манах Марцін Тураўскі, які падарожнічаў па беларускім Палессі з рэлігійна-асветніцкай місіяй, заснаваў у Юравічах драўляную капліцу. Марцін вазіў з сабой цудатворны абраз Маці Божай. Калі манах прыйшоў у Юравічы, то пачуў з неба боскі голас, які належыў Богамаці. Голас папрасіў яго пакінуць абраз на гэтай зямлі, таму Тыраўскі, выконваючы боскую волю, пабудаваў у Юравічах невялікую капліцу, дзе людзі змясцілі цудатворную святыню.

Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы

Весткі пра абраз разышліся па ваколіцах, жыхары суседніх гарадоў і вёсак прыехалі пакланіцца выяве Маці Божай. Кажуць, сіла цудатворнай іконы лячыла цяжкія хваробы і нават уваскрасала памерлых.

У 1680 годзе па запрашэнні Марціна Тыраўскага ў Юравічы прыехала місія езуітаў. Ордэн распачаў у вёсцы актыўную дзейнасць. Манахі пабудавалі тут касцёл і перанеслі ў яго абраз Маці Божай. Драўляная царква неўзабаве згарэла, але цудатворны абраз застаўся непашкоджаным. Тады манахі прынялі рашэнне пабудаваць у Юравічах новы храм і кляштар, гэтым разам каменны.

Будаўніцтва кляштарнага комплексу скончылася да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Будынак у стылі позняга барока нагадваў непрыступную крэпасць. Кляштар быў агароджаны высокай цаглянай сцяной, па перыметры ўздымалася восем абарончых вежаў. Юравіцкі касцёл быў трохнефнай базілікай з дзвюма вежамі. У адной знаходзіліся званы, у другой – гадзіннік, які адбіваў час кожную гадзіну і чвэрць гадзіны. Усярэдзіне комплексу, акрамя храма, знаходзіліся жылыя памяшканні, бібліятэка, гаспадарчыя будынкі: млын, бровар, стайні, леднік, пякарня. Пазней на тэрыторыі кляштара быў пабудаваны двухпавярховы езуіцкі калегіум.

Гаспадарамі кляштара ў Юравічах да 30-х гадоў XIX стагоддзя былі розныя манаскія ордэны: бернардынцы, езуіты, дамініканцы, капуцыны. Будынак перажыў некалькі аблог, нашэсце казакаў, артылерыйскія абстрэлы рускай арміі.

Пасля паўстання 1830-х гадоў кляштар, які належаў тады бернардынцам, быў зачынены расійскімі ўладамі ў пакаранне за падтрымку паўстанцаў. Мясцовы ксёндз прадбачыў, што храм будзе зачынены, таму замяніў цудатворны абраз Маці Божай на яго дакладную копію. Арыгінальная святыня была вывезена ў Кракаў, дзе знаходзіцца дагэтуль. Пабачыць абраз Юравіцкай Маці Божай можна ў кракаўскім касцёле Святой Барбары.

У канцы XIX стагоддзя царква разам з кляштарам была перададзена праваслаўным вернікам. Храм перабудавалі і дапоўнілі, па праваслаўным звычаі, купаламі-цыбулінамі.

Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы
Манастыр і храм у вёсцы Юравічы

Лёс манастыра ў ХХ стагоддзі

У пачатку ХХ стагоддзя, з прыходам да ўлады бальшавікоў, Юравіцкі манастыр быў зачынены, з храма вынеслі ўсе каштоўнасці, а настаяцеля царквы расстралялі.

Будынкі манастырскага комплексу спакойна перажылі Другую сусветную вайну. Па заканчэнні вайны мясцовыя жыхары разабралі частку сцен на патрэбы калгаса. У пачатку 50-х у манастыры быў размешчаны дзіцячы дом.

У пачатку 90-х манастырскі комплекс перадалі Тураўскай епархіі. На тэрыторыі комплексу правялі рамонтныя работы, абнавілі дах, аднавілі сцены, частку жылых памяшканняў, правялі ацяпленне і каналізацыю. Спачатку было прынята рашэнне адчыніць у Юравічах жаночы манастыр у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Але пазней, у 2005 годзе, манастыр пераўтварылі ў мужчынскі. У 2006 годзе мясцовая жыхарка прынесла ў епархію выяву, якая апынулася тым самым спісам з цудатворнага абраза Богамаці, якім у другой палове XIX стагоддзя замянілі арыгінальны абраз.

Цяпер рэканструкцыя будынка завершана, манастыр прымае гасцей і паломнікаў. Юравіцкі манастырскі архітэктурны ансамбль – вядомая мясцовая славутасць, якая ўваходзіць у "Залатое кальцо Гомельшчыны".