Доўгі час Мазыр быў важным гандлёва-эканамічным цэнтрам Кіеўскага, а потым Тураўскага княства. У Сярэднявеччы сэрцам горада была Замкавая гара, на якой знаходзіўся ўмацаваны драўляны дзядзінец. У XV стагоддзі на яго месцы пабудавалі драўляны замак. Упершыню ён згадваецца ў летапісах у пачатку XVI стагоддзя. Першапачаткова замак меў тры вартавыя вежы, унутры знаходзіліся княскі палац, гаспадарчыя будынкі, царква, глыбокі калодзеж. Сцены будынка складаліся з чатырох радоў бярвення і мелі больш як метровую шырыню. Прыпяць з трох бакоў акружала Мазырскае замчышча, а жыхары горада дбайна высякалі дрэвы і кустоўе ў наваколлі, каб вораг не мог наблізіцца непрыкметна.

Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак

Высокія абарончыя магчымасці не заўсёды ратавалі замак ад нашэсця ворагаў. Падчас ваенных дзеянняў, паўстанняў і татарскага нашэсця ворагі неаднойчы знішчалі замак – а мазыране аднаўлялі яго наноў. У XVI стагоддзі тэрыторыя замка была пашырана, да яго дабудавалі яшчэ дзве вежы. З гэтага часу замкавую тэрыторыю пачалі ўмоўна падзяляць на «новы» і «стары» замак, хаця абарончыя будынкі былі аб'яднаны ў адзінае цэлае.

У сярэдзіне XVII стагоддзя Мазыр быў захоплены князем Янушам Радзівілам, які загадаў дашчэнту спаліць замак. Так князь вырашыў адпомсціць мясцовым жыхарам за падтрымку паўстання Б. Хмяльніцкага. З таго часу абарончы будынак больш не аднаўляўся.

Новы Мазырскі замак

У 2005 годзе, да 850-годдзя горада, у гістарычным цэнтры Мазыра была створана дэкаратыўная копія Мазырскага замка. Драўляны будынак уздымаецца на беразе Прыпяці, на Замкавай гары, якая цяпер мае назву Гара Камунараў. Сучасны замак знешне адрозніваецца ад свайго даўняга папярэдніка, бо дакументаў пра тое, як выглядаў старажытны будынак, не захавалася.

Замак у Мазыры – гэта не проста рэканструяваны архітэктурны аб'ект, а гісторыка-турыстычны комплекс. На ўваходзе наведнікаў сустракаюць драўляныя брамы, упрыгожаныя гербам горада, і памятны валун. Замак мае тры вежы, у якіх размешчаны розныя экспазіцыі:

  • Адміністратыўная вежа.
  • Збройная вежа – тут прадстаўлены фота старога Мазыра, макеты старажытнай зброі, партрэты гістарычных асоб: Я. Радзівіла, Б. Хмяльніцкага, князя Жыгімонта. На вежы знаходзіцца звон. Кажуць, калі пазваніць у яго і загадаць жаданне, яно абавязкова здзейсніцца.
  • Паляўнічая вежа – тут можна пабачыць імітацыю загона для жывёл, сярэднявечны абедзены стол з бутафорскімі стравамі, вырабленымі з саломы. Сцены ўсярэдзіне вежы ўпрыгожаны скурамі і чучаламі звяроў, з вокнаў-стрэльніц добра праглядаюцца ўсе ваколіцы.
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак
Мазырскі замак

Часткай забаўляльна-гістарычнага комплексу з’яўляецца Мазырскі краязнаўчы музей. Тут знаходзіцца:

  • экспазіцыя, прысвечаная воінам-інтэрнацыяналістам, якія ваявалі ў Афганістане;
  • зала прыроды, якая распавядае наведнікам пра жыхароў беларускага Палесся;
  • археалагічная экспазіцыя, дзе можна пабачыць зубы маманта, жаночыя ўпрыгажэнні, манеты, фрагменты шкляных і керамічных вырабаў, рыбалоўныя прылады і іншыя артэфакты, знойдзеныя пры раскопках на Мазыршчыне.

На тэрыторыі Мазырскага замка размешчаны:

  • царква Праабражэння Гасподняга, пабудаваная на месцы храма, разбуранага ў XVIII стагоддзі;
  • аглядныя пляцоўкі, з якіх адкрываецца панарама горада і цудоўны від на Прыпяць;
  • утульныя альтанкі і лавачкі;
  • стол з вялікімі шахматнымі фігурамі для тых, хто хоча згуляць сваю гістарычную партыю;
  • калодзеж, напоўнены камянямі;
  • фотазоны;
  • гандлёвыя пункты з памятнымі сувенірамі.

Драўляныя воіны надзейна ахоўваюць замкавыя муры знутры.

На тэрыторыі замкавага комплексу ладзяцца гарадскія святы, канцэрты, кірмашы, фестывалі народнай і сярэднявечнай музыкі, праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі. Тут любяць адпачываць гараджане і госці горада. Уваход у замак платны, наведванне музея ўваходзіць у кошт білета. Мазырскі замак працуе штодня, акрамя панядзелка. У Мазыр з Мінска можна дабрацца аўтобусам, маршруткай ці на асабістым аўтамабілі.