Гэта адзін з выдатных узораў еўрапейскай ваенна-інжынернай думкі мяжы XIX-XX стагоддзяў. Пяцівугольнае збудаванне, размешчанае ў трох кіламетрах на поўдзень ад галоўнай цытадэлі, было пабудавана ў 1879-1880-х гадах. Абарончае збудаванне акружаў роў з вадой, для абстрэлу ворагаў былі ўзведзены капаніры і паўкапаніры – нішы, якія дазваляюць весці агонь у некалькіх супрацьлеглых напрамках. Як і галоўная цытадэль, форт быў пабудаваны з чырвонай цэглы, але на пачатку ХХ стагоддзя збудаванне было мадэрнізавана і ўмацавана бетоннай абліцоўкай.

Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ва ўмацаванні № 5 размяшчалася артылерыйская рота расійскай арміі. Аднак у 1915 годзе царская армія пакінула форт і да 1918 года ён быў заняты нямецкімі войскамі. Пэўны час Брэст уваходзіў у склад Польшчы – у гэты перыяд на тэрыторыі ўмацавання размяшчаліся склады польскай арміі.

У час Другой сусветнай вайны форт № 5 быў захоплены гітлераўскімі войскамі і вызвалены савецкай арміяй толькі ў пачатку 1944 года. Пасля вайны збудаванне належала ваеннай частцы і выкарыстоўвалася як склад боепрыпасаў. У 60-х гадах, пасля вываду ваеннай часткі, умацаванне было пакінута.

У 1995 годзе брэсцкі форт № 5 атрымаў статус дзяржаўнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ў 2000 годзе на тэрыторыі фартыфікацыйнага аб'екта быў адчынены музей "5 форт", які стаў філіялам мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой".

Што паглядзець у музеі?

Музей "5 форт" – грандыёзнае збудаванне, якое займае тэрыторыю памерам з гектар. Яно ўражвае сваёй магутнасцю, выключнай ваеннай канцэпцыяй, архітэктурнай прадуманасцю. Экспазіцыйная частка музея ўключае:

  • Выставу артылерыйскіх сістэм часоў Вялікай Айчыннай вайны, размешчаную пад адкрытым небам.
  • Выставу фотаздымкаў, прысвечаных гісторыі будаўніцтва Брэсцкай крэпасці.
  • Пастаянную экспазіцыю, якая складаецца з 6 залаў. Яна распавядае пра гісторыю будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў на тэрыторыі Беларусі, пра гісторыю самога форта і яго мадэрнізацыю, пра ваеннае мінулае Брэст-Літоўска. Тут наведнікі ўбачаць рэканструкцыю салдацкага побыту пачатку ХХ стагоддзя, даведаюцца пра падзеі пачатку Першай сусветнай вайны, пра значэнне Брэсцкай цытадэлі ў сістэме абароны заходніх межаў Расійскай імперыі.

Наведнікаў музея чакае прагулка па форце – агляд казематаў, калідораў, лесвіц, падземных хадоў і галерэй.

Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце
Музей «5 форт» у Брэсце

Музей можна наведаць самастойна ці разам з экскурсійнай групай. Супрацоўнікі ўстановы рэкамендуюць наведнікам апранаць зручны абутак і цёплае адзенне, бо казематы не ацяпляюцца, у падземных памяшканнях прахалодна нават у цёплае надвор'е.

Музей "5 форт" размешчаны ў прыгарадзе Брэста – мікрараёне Гершоны. Каб дабрацца да аб'екта, трэба даехаць на грамадскім транспарце да прыпынку "Форт" або "Нектарная", потым прайсці адзін кіламетр пешшу. Каля музея знаходзіцца аўтамабільная паркоўка.