Нацыянальныя паркі Беларусі

Беларусь — краіна лясоў, азёр і балот. Тут шмат мясцін, дзе можна адпачыць і целам, і душой, палюбавацца цудоўнымі краявідамі, правесці час з карысцю для здароўя. Гаворка ідзе пра нацыянальныя паркі, якіх у Беларусі 4: Нарачанскі, Браслаўскія азёры, Прыпяцкі і Белавежская пушча. Кожны з іх па-свойму прыгожы і ўнікальны. Гэта прыроднае хараство беражліва ахоўваецца беларусамі: дзейнасць чалавека на гэтых тэрыторыях абмежавана з мэтай аховы навакольнага асяроддзя і захавання прыроднага набытку краіны. Але ў параўнанні з запаведнікамі, у нацыянальныя паркі пускаюць турыстаў, якія могуць упэўніцца, наколькі прыгожая беларуская прырода.

ф

Фота

Белавежская пушча

Гэты нацыянальны парк з'яўляецца самым буйным у Беларусі. Размешчаная ў Брэсцкай вобласці, Белавежская пушча вядома далёка за межамі краіны, як самы вялікі рэліктавы першабытны раўнінны лес Еўропы. У 1992 годзе пушчу ўнеслі ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Галоўная прычына папулярнасці Белавежскай пушчы — дагістарычныя жывёлы зубры, якіх тут можна ўбачыць у натуральным асяроддзі пражывання. Здзіўляюць сваёй старажытнасцю і белавежскія дрэвы: некаторым з іх больш за 500 гадоў. Па колькасці жывёл і раслін пушча не мае роўных ва ўсёй Еўропе.

У пушчы знаходзіцца рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза, Музей прыроды, таксама створана шмат пешаходных маршрутаў.

ф

Фота

Браслаўскія азёры

Многія лічаць гэта месца самым прыгожым у Беларусі. Браслаўскія азёры называюць таксама «блакітнымі каралямі» краіны. Размешчаны каля 250 км. ад Мінска, гэты парк займае тэрыторыю амаль 71 тыс. гектараў, каля 17% каторай — азёрная. Тут шмат прыродных, гістарычных і культурных помнікаў. Турысты на Браслаўскіх азёрах маюць магчымасць выбраць любы тып адпачынку: рыбалка, паляванне. У парку размясціліся 48 турыстычных стаянак.

ф

Фота

Нарачанскі нацыянальны парк

Недалёка ад Мінска знаходзіцца Нарачанскі нацыянальны парк, які займае тэрыторыю амаль 97 тыс. гектараў. У першую чаргу ён знакаміты сваімі азёрамі, якіх у парку каля 40. Усе яны акружаны лясамі, у якіх водзяцца рэдкія віды жывёл. Самае вялікае возера парку — Нарач — з'яўляецца яшчэ і самым вялікім у Беларусі. Яно цэніцца рыбакамі за вялікую колькасць сіговых рыб. А яшчэ тут вельмі чыстая вада. Унікальны парк тым, што тут знаходзіцца самая вялікая ў краіне курортна-аздараўленчая зона. На тэрыторыі парку размешчаны 20 санаторыяў, ёсць крыніцы з мінеральнай вадой. Таму парк з'яўляецца галоўнай здраўніцай Беларусі.

Прыпяцкі нацыянальны парк

Прыпяцкае Палессе, размешчанае па абодва бакі ракі Прыпяць, — гэта ўнікальныя прыродныя і гісторыка-культурныя мясціны. Мясцовасць тут асабліва забалочаная, тэрыторыя асвоена слаба. Таму тут захаваліся шматлікія прыродныя комплексы. Пра побыт і культуру палешукоў напісана нямала навуковых прац і мастацкіх кніг. У дні веснавой паводкі мясцовыя вадаёмы разліваюцца ў «Мора Герадота» і пакрываюць вадой амаль 70% тэрыторыі парку. Для турыстаў тут адкрыта шмат экалагічных сцежак, месцаў для водных падарожжаў, таксама працуе музей.