Ён унікальны тым, што велізарная тэрыторыя плошчай амаль 100 тысяч гектараў са старажытных часоў захавалася ў натуральным стане. Балотны масіў размешчаны ў прымежным раёне Брэсцкай вобласці, яго паўднёва-заходняя частка знаходзіцца на тэрыторыі Украіны.

Альманскія балоты ляжаць воддаль ад цывілізацыі, што спрыяе захаванню прыроднага комплексу і стабільнасці гідралагічных умоў. У сярэдзіне ХХ стагоддзя гэты абшар выкарыстоўваўся ваеннымі як палігон, таму некалькі населеных пунктаў, бліжэйшых да заказніка, у свой час былі адселены.

Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты

У 1998 годзе з мэтай абароны ўнікальнай экасістэмы і захавання біяразнастайнасці ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці быў створаны заказнік "Альманскія балоты". Прыкладна палову плошчы заказніка займаюць забалочаныя лясы. Тут таксама можна пабачыць пясчаныя выдмы, заліўныя дубравы, хвойныя і ліставыя лясы.

Балотны масіў ахоўнай зоны прадстаўлены двума вялікімі балотамі: Чырвоным і Гала. Раслінны свет заказніка ўключае амаль 700 відаў сасудзістых раслін, 12 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Жывёльны свет прадстаўлены 26 відамі сысуноў і больш чым 150 відамі птушак. Сярод рэдкіх прадстаўнікоў фаўны ў заказніку можна сустрэць чорнага бусла, арла-карліка, барсука, еўрапейскую рысь, арэшнікавую соню. Альманскія балоты таксама з'яўляюцца месцам гнездавання рэдкіх птушак: вялікага арлеца, барадатай кугакаўкі, глушца звычайнага.

Водная сістэма заказніка прадстаўлена рэкамі Гарынь, Льва і Сцвіга, а таксама азёрамі Малае і Вялікае Засомінае. Заказнік мае статус Рамсарскай тэрыторыі – гэта азначае, што водна-балотныя ўгоддзі, у якіх жывуць вадаплаўныя птушкі, ахоўваюцца міжнароднай Рамсарскай канвенцыяй.

Што рабіць турысту на Альманскіх балотах?

Беларускія і замежныя турысты прыязджаюць на Альманскія балоты, каб адчуць старажытную сілу некранутай прыроды і на ўласныя вочы ўбачыць веліч жывёльнага і расліннага свету, які доўгі час знаходзіўся воддаль ад цывілізацыі. Прыехаць у заказнік можна як самастойна, так і ў складзе экскурсійных тураў.

Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты
Альманскія балоты

Прыродаахоўны комплекс прапануе наведнікам:

  • Прагулкі па экалагічнай сцяжыне даўжынёй паўтара кіламетры. Уздоўж сцяжыны знаходзяцца альтанкі для адпачынку і аглядныя вежы, з якіх можна пабачыць маляўнічыя краявіды. Падчас прагулкі дасведчаны гід раскажа пра жыхароў і прыродныя асаблівасці Альманскага заказніка.
  • Паездкі па балоцістай мясцовасці на ўсюдыходзе.
  • Паляванне або рыбалку.
  • Бёрдвочынг – назіранне за птушкамі ў натуральных умовах.
  • Сплавы па рацэ на каяках. Турысты, якія не баяцца цяжкіх маршрутаў, могуць выбраць туры на некалькі дзён. Менш дасведчаным аматарам актыўнага адпачынку прапануюцца сплавы працягласцю некалькі гадзін.

Альманскі лесабалотны комплекс размешчаны на паўднёвы ўсход ад вёскі Альманы. Каб трапіць у заказнік, трэба спачатку даехаць аўтобусам ці цягніком да Століна. Са Століна ў Альманы ёсць рэгулярныя аўтобусныя маршруты.