Да нашых часоў храм дайшоў у змененым выглядзе, бо з-за пажараў і войнаў будынак некалькі разоў разбураўся і перабудоўваўся. У гісторыкаў да гэтага часу няма адзінага ўяўлення пра першапачатковы выгляд Полацкага Сафійскага сабора. Вядома толькі, што ён быў пабудаваны з неапрацаваных валуноў і плоскай цэглы, па тэхналогіі візантыйскіх майстроў. На той час гэта быў грандыёзны будынак. Такім ён застаецца і цяпер, уражвае наведнікаў веліччу і прыгажосцю аздаблення інтэр’еру.

Доўгі час храм, што ўздымаецца на беразе Заходняй Дзвіны, быў цэнтрам праваслаўнай культуры Полацкага княства. У будынку знаходзіліся кнігі, архіўныя дакументы, размяшчаліся скарбніца, магістрат, княская пахавальня. Тут захоўваліся важныя рэлігійныя рэліквіі, сабор наведвалі паслы і дзяржаўныя дзеячы.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

Пасля падпісання Берасцейскай уніі Сафійскі сабор быў перададзены ўніятам. У пачатку XVIII стагоддзя, у час вайны з Каралеўствам Швецыяй, узарваўся парахавы склад, які знаходзіўся ў храме. Будынак быў моцна пашкоджаны. У сярэдзіне XVIII стагоддзя аднаўленнем сабора займаўся ўніяцкі архіепіскап Ф. Грабніцкі. Ён далучыў да працы над праектам архітэктара І. Глаўбіца, дзякуючы якому будынак набыў характэрныя рысы віленскага барока. Храм стаў трохнефным, з паўднёвага боку былі надбудаваны дзве вежы, у інтэр'еры з’явіліся калоны, роспісы, ляпніна, разныя карнізы, драўляныя скульптуры.

Падчас вайны з Напалеонам французскія салдаты зрабілі ў святыні стайню. У сярэдзіне XIX стагоддзя, пасля ліквідацыі царкоўнай уніі, сабор быў вернуты праваслаўным. Пры савецкай уладзе набажэнствы не праводзіліся, у будынку размяшчаўся краязнаўчы музей.

Сафійскі сабор сёння

У канцы ХХ – пачатку ХХI стагоддзя ў храме праходзіла рэстаўрацыя. Будаўнікі абнавілі дах, фасад, аконныя праёмы. Сёння, як і ў часы нашых далёкіх продкаў, сабор паўстае цэнтрам духоўнага і культурна-асветніцкага жыцця Полацка. Тут арганізавана музейная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі храма і яго архітэктурным асаблівасцям. Да нашых часоў дайшлі ўнікальныя надпісы, элементы кладкі, фрагменты фрэсак ХI стагоддзя. У царкве можна пабачыць нават копію знакамітай "Тайнай вячэры" Леанарда да Вінчы.

Ля сцен галоўнай архітэктурнай каштоўнасці Полацка праваслаўныя вернікі праводзяць малебны і святочныя набажэнствы. Штогод на пачатку чэрвеня тут адбываюцца рэлігійныя святы, прысвечаныя памяці Еўфрасініі Полацкай.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

Пасля таго, як у канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя ў храме ўсталявалі арган, тут рэгулярна праводзяцца канцэрты, фестывалі арганнай, духоўнай, камернай музыкі і іншыя культурныя мерапрыемствы. Паслухаць незвычайны інструмент можна кожную нядзелю а 15.00.

Наведаць Сафійскі сабор можна разам з экскурсіяй, або самастойна, карыстаючыся аўдыягідам. З Мінска ў Полацк ходзяць цягнікі і аўтобусы. Дарога на аўтамабілі зойме каля трох гадзін. Варта абавязкова агледзець і іншыя адметныя мясціны гэтага старажытнага горада: домік Пятра I, езуіцкі калегіум, помнік літары "Ў", а таксама аб'екты, звязаныя з дзейнасцю выдатных беларускіх асветнікаў Сімяона Полацкага і Еўфрасініі Полацкай.