Ва ўсёй гэтай багатай разнастайнасці паспрабуем вылучыць топавыя славутасці – іх яшчэ называюць візітнымі карткамі вобласці.

Белавежская пушча

Легендарная Белавежская пушча лічыцца адным з найстарэйшых запаведнікаў у свеце. Гэтая ўнікальная прыродная тэрыторыя, што аб'ядноўвае Беларусь і Польшчу, уключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Белавежская пушча

Для знаёмства з яе славутасцямі распрацавана сетка аўтамабільных, роварных і пешаходных турыстычных маршрутаў, а таксама экалагічных сцежак, сярод якіх можна выбраць тыя, што найбольш адпавядаюць вашаму густу і запытам. Прагульваючыся па сапраўдным рэліктавым лесе, якому ўжо тысячы гадоў, вы з вялікай імавернасцю сустрэнеце казулю, аленя і зубра. А з тымі жыхарамі лесу, якіх не атрымалася сустрэць, можна пазнаёміцца ў сучасным Музеі прыроды і ў вальерах. Маёнтак беларускага Дзеда Мароза круглы год прыцягвае як маленькіх, так і дарослых наведвальнікаў пушчы.

Адрас: Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён, аграгарадок Каменюкі.

Ружанскі замак

Замак на высокім узгорку ў Ружанах некалі быў не толькі раскошным палацам з прадуманай да дробязяў планіроўкай і архітэктурай, але і месцам, дзе вырашаліся важныя палітычныя пытанні.

Ружанскі замак

Сёння ж былая рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў, якая захоўвае шмат таямніц і гісторый, па большай частцы разбурана. Але руіны ўсё роўна прыгожыя і ўражваюць сваім размахам. Тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы, працуе музей. Падчас экскурсіі па музеі можна даведацца не толькі пра гісторыю гэтага замка, але і пра значнасць магнатаў Сапегаў у гістарычным мінулым роднага краю. 

Адрас: Брэсцкая вобласць, Пружанскі раён, г.п. Ружаны, вул. Урбановіча, 15а.

Косаўскі замак

Замак у Косава, якому няма аналагаў у Беларусі, пабудаваны ў 19 стагоддзі ў неагатычным стылі. Былы палац Пуслоўскіх называюць «марай рыцара» і ён па праве лічыцца адным з найпрыгажэйшых у нашай краіне. Пачыналася будаўніцтва палаца Казімірам Пуслоўскім, а сканчаў маштабную пабудову з 12 вежамі і 132 пакоямі ўжо сын Казіміра – Вандалін Пуслоўскі. 

Пазней палац быў разрабаваны, а ў Другую сусветную яго падпалілі партызаны – каб не дастаўся ворагу. І толькі на пачатку 21 стагоддзя ў Косава пачалася маштабная рэканструкцыя. Восенню 2017 года палац Пуслоўскіх прыняў першых за многія гады запусцення гасцей.

Косаўскі замак

Экскурсаводы пазнаёмяць з гісторыяй замка, раскажуць захапляльную легенду аб тым, што ў цэнтральным пакоі замка была шкляная падлога, пад якой размяшчаўся акварыум з экзатычнымі рыбкамі, а па начах уладальнікі спускалі з прывязі хатняга льва, каб выключыць крадзеж сярод прыслугі. Таксама наведайце экскурсію ў сядзібу нашага знакамітага на ўвесь свет земляка Тадэвуша Касцюшкі.

Адрас: Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён, г. Косава, вул. Т. Касцюшкі, 108.

Брэсцкая крэпасць

Брэсцкая крэпасць з'яўляецца адным з найважнейшых мемарыяльных комплексаў Другой сусветнай вайны і носіць ганаровае званне "крэпасць-герой". 

Брэсцкая крэпасць

Гераічная слава бастыёна прыпала на перыяд з 22 чэрвеня па канец жніўня 1941 года. Менавіта Брэсцкая крэпасць стала першай мэтай войскаў Гітлера. Доўгі час байцам Чырвонай Арміі ўдавалася выстаяць і не здаць крэпасць праціўніку. 

У мемарыяльным комплексе можна наведаць музей, у якім захаваныя рэчы абаронцаў, лісты, якія не дайшлі да адрасатаў, дзённікі ўдзельнікаў тых жудасных падзей. Можна замовіць экскурсію па Брэсцкай крэпасці.

Адрас: г. Брэст, вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, 60.

У горадзе Брэсце абавязкова варта прагуляцца па пешаходнай вуліцы Савецкай, дзе можна паназіраць за працай ліхтаршчыка, які запальвае рэтра ліхтары царскіх часоў у непаўторным антуражы і загадаць жаданне, якое абавязкова здзейсніцца!

Зрабіце паўзу і падарыце сабе незабыўную магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі Брэсцкай вобласці!