Раскажам, якія славутасці трэба абавязкова наведаць. 

Вялікі тэатр у Мінску

Вялікі тэатр у Мінску. Адзіны ў Беларусі тэатр оперы і балета заслужана носіць званне «Вялікі» і «Акадэмічны». Круглы белы будынак тэатра ў цэнтры Мінска ўзведзены ў 1936 годзе па праекце Іосіфа Лангбарда, выбітнага савецкага архітэктара-канструктывіста. Нямецкая авіябомба часткова яго разбурыла, руіны служылі акупантам стайняй. Пасля вайны ўсё было адбудавана, глядзельная зала дапоўнена двума ярусамі, вакол разбіты прыгожы парк з фантанам і скульптурамі. Сёння тэатр оперы і балеты – гэта культурны цэнтр, які актыўна і мэтанакіравана развівае мастацтва танца і спеваў. Трупа тэатра ўсе гады свайго існавання трымае высокую планку, прыводзячы ў захапленне сваіх гледачоў.

Адрас: Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1.

Нясвіжскі замак

Нясвіжскі замак. Усяго ў двух гадзінах ад Мінска знаходзіцца самы цудоўны палацава-паркавы ансамбль са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – раскошная рэзідэнцыя Радзівілаў.

Нясвіжскі замак

Цяністыя алеі, дэкаратыўныя азёры і, безумоўна, раскоша бальных залаў, іх гісторыі, і моц замка, які спалучае рысы розных стыляў, прыцягваюць у Нясвіж мноства турыстаў. 

Адрас: г. Нясвіж, вул. Замкавая, 2. 

Музей Суціна ў Смілавічах

Музей Суціна ў Смілавічах. У 2008 годзе ў Цэнтры дзіцячай творчасці ў г.п. Смілавічы адбылася падзея, культурную значнасць якой цяжка пераацаніць – адкрыта экспазіцыя, прысвечаная нашаму земляку, ураджэнцу г.п. Смілавічы, аднаму з найвядомейшых мастакоў Парыжскай школы Хаіму Суціну. Яна атрымала назву – «Прастора Хаіма Суціна – L'Espace de Soutine».

Музей Суціна ў Смілавічах

Музей «Прастора Хаіма Суціна» прапануе наведаць тры залы, кожная з якіх валодае ўнікальнымі экспанатамі і прысвечана пэўнай тэматыцы. Таксама ў музеі вы ўбачыце рэпрадукцыі карцін Марка Шагала, Міхаіла Кікоіна, Восіпа Цадкіна, Пінхуса Краменя, Оскара Мешчанінава, Амедэа Мадыльяні і іншых сяброў мастака. 

Адрас: г.п. Смілавічы, вул. Рэвалюцыйная, 20.

Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула

Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула

Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула. Усяго за 49 км ад Мінска, на беразе маляўнічага возера размешчаны першы ў Беларусі парк-музей, на тэрыторыі якога ёсць мноства інтэрактыўных пляцовак і адкрытых аб'ектаў: стаянка старажытнага чалавека, вёска вікінгаў, вартавая вежа з кузняй, пляцоўка дахрысціянскіх вераванняў, зала-музей шляхецкай славы, бровар-вінакурня і многае іншае. У вас ёсць унікальная магчымасць здзейсніць шлях «з варагаў у грэкі» на дракары вікінгаў, пазнаёміцца са звычаямі і традыцыямі нашых продкаў, пакаштаваць старку.

Адрас: Мінская вобласць, Стаўбцоўскі раён, вёска Сула, 14.

Сядзіба Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава

Сядзіба Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава. Некалі чароўная сядзіба, заснаваная графам Гутэн-Чапскім у 1880 годзе ў раманскім сярэднявечным стылі, была разбурана падчас другой Сусветнай вайны.

Сядзіба Гутэн-Чапскіх у вёсцы Станькава

Але захавалася асаблівая атмасфера гэтага месца, якая прываблівае турыстаў. Захаваліся і аўтэнтычныя ўязная брама, скарбніца, кузня, дом для прыслугі і кухонны флігель з падземным ходам, воданапорная вежа, свіран і магільны склеп. Здзіўляе сваёй прыгажосцю стары парк, сцежкі, дарожкі, масткі, каналы якога такія прыгожыя падчас залатой восені. З альтанкі на беразе сажалкі адкрываецца від на Свята-Мікольскі храм 19 стагоддзя.

Адрас: Мінская вобласць, Дзяржынскі раён, в. Станькава.

Гэта далёка не поўны спіс славутасцяў Мінскай вобласці. Мы б нават пры вялікім жаданні не змаглі змясціць у адзін артыкул такую колькасць разнастайных і цікавых месцаў куды можна адправіцца на выходных. Выбірайце, падарожнічайце і спазнавайце Беларусь з абсалютна новага боку!