Сярод адметных аб'ектаў Шклова вылучаецца гарадская ратуша. Яна была пабудавана ў другой палове XVIII стагоддзя пасля таго як кароль Аўгуст III пацвердзіў права Шклова на самакіраванне. Магдэбурскае права давала магчымасць гораду не залежаць ад дзяржаўных кіраўнікоў, гараджане былі вызвалены ад феадальных павіннасцей і маглі самі выбіраць органы мясцовага самакіравання.

Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове

У той час жыхары Шклова актыўна перабудоўвалі горад пасля вялікага пажару: фарміраваліся новыя кварталы, забудоўваліся галоўныя і другасныя вуліцы. Цэнтрам горада стала рыначная плошча, дзе і ўздымалася ратуша, у якой збіраўся гарадскі магістрат. Будаўніцтва было завершана ў 1771 годзе. У ратушы праводзіліся сходы жыхароў горада, разглядаліся судовыя справы, арганізоўваліся тэатральныя прадстаўленні. У яе сценах захоўваліся архівы, гарадскі скарб, пячаткі, эталоны мер і вагі.

Шклоўская ратуша была пабудавана ў характэрным для таго часу класічным стылі. Над двухпавярховым будынкам уздымалася васьмікутная вежа з гадзіннікам і звонам. Да ратушы прымыкалі гандлёвыя рады, якія стваралі закрыты прамавугольны двор. На фасадзе будынка размяшчаліся прамавугольныя вокны з пілястрамі, шпіль вежы быў упрыгожаны гербам Шклова – выявай рычажных вагаў, – якая сведчыла, што горад лічыцца значным гандлёвым цэнтрам дзяржавы.

Ратуша разам з гандлёвымі радамі была адзіным архітэктурнм комплексам. У вуглах комплексу знаходзіліся свірны, крамы выходзілі часткова на вуліцу, часткова ў двор, што дазволіла сканцэнтраваць на тэрыторыі вялікую колькасць гандлёвых пунктаў. У заходняй і ўсходняй частках архітэктурнага комплексу размяшчаліся праезды.

Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове
Ратуша ў Шклове

Будынак выкарыстоўваўся па прызначэнні да Вялікай Айчыннай вайны. Падчас баявых дзеянняў гандлёвыя рады і сама ратуша атрымалі значныя пашкоджанні. Пасля вайны ў шклоўскай ратушы знаходзіўся банк, пазней — пажарная частка і шавецкая майстэрня. Гандлёвыя рады былі разабраны мясцовымі ўладамі.

У 70-х гадах будынак ратушы пачаў прыходзіць у запусценне, гандлёвыя рады паступова разбураліся.

У 1999 годзе быў распрацаваны праект па рэканструкцыі шклоўскай ратушы. У пачатку 2000-х у будынку праводзілі аднаўленчыя работы і наноў адбудавалі гандлёвыя рады.

Цяпер у ратушы дзейнічае гарадская гімназія і гісторыка-краязнаўчы музей. Як і ў даўнейшыя часы на шпілі будынка знаходзіцца герб горада, а ў ваколіцах рэгулярна гучыць бой вежававага гадзінніка. Падобных будынкаў у Беларусі засталося няшмат, шклоўская ратуша з'яўляецца адным з рэдкіх помнікаў архітэктуры гэтага тыпу.

Архітэктурны комплекс размешчаны ў самым цэнтры Шклова. Побач знаходзяцца і іншыя адметныя гарадскія будынкі: былая сінагога XVIII стагоддзя, касцёл XIX стагоддзя і праваслаўная царква пачатку ХХ стагоддзя.