ТОП-3 гарадоў Віцебшчыны

Віцебск

Віцебск

Аматарам старых будынкаў і гістарычнай архітэктуры будзе цікава прагуляцца па ваколіцах вуліцы Рэвалюцыйнай. Уздоўж яе выстраіліся дарэвалюцыйныя дамы, чые сцены захавалі сляды куль з Другой сусветнай. Там жа знаходзяцца разваліны Вялікай Любавіцкай сінагогі, якую наведваў яшчэ бацька Шагала. У гэтых дамах жывуць людзі, як і 100 гадоў таму. Зазірнуць у глухія вузкія пад’езды, паблукаць па старых дварах сярод развешанай на вяроўках бялізны – асаблівае эстэтычнае задавальненне, чымсьці нагадвае старую Адэсу.

Прагуляйцеся па набярэжнай Дзвіны і палюбуйцеся Свята-Успенскім кафедральным саборам, прайдзіцеся па старой пешаходнай вуліцы Сувораўскай і паглядзіце ратушу – сімвал горада.

Калі час дазваляе, рэкамендуем паглядзець графіці на трансфарматарных падстанцыях у дварах, раскіданых па горадзе. Стрыт-арт – унікальная фішка Віцебска, прайшоўшыся па самых знакамітых арт-аб’ектах (выявы беларускіх мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, вядомых сусветных выканаўцаў і акцёраў), агледзіце ўвесь горад!

Полацк

Полацк

Жамчужына Віцебшчыны, калыска зараджэння Беларусі. Сафійскі сабор, Багаяўленскі сабор, першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Беларусі – захаваны Езуіцкі калегіум, геаграфічны цэнтр Еўропы, дзіцячы музей са старадаўнімі цацкамі, а таксама месца для загадвання жаданняў – старажытны Барысаў камень – так можна ўбачыць Полацк. Але не прапусціце шанец пачуць сэрца гэтага горада: варта паслухаць арганны канцэрт у Сафійскім саборы, а таксама пранікнуцца звонам званоў у Храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Глыбокае

Глыбокае

Месца, знакамітае найсмачнейшай згушчонкай і ўражлівымі вішнёвымі садамі. У маі Глыбокае можа пацягацца з японскім фестывалем цвіцення: горад ахутаны белымі аблокамі квітнеючых дрэў, а вуліцы напоўненыя духмяным паветрам. Нават цэлы фестываль прысвяцілі вішнёвым садам – «Вішнёвы фестываль»! Славутасці сабраныя ў цэнтры: пачніце з храмаў на плошчы 17 верасня. Касцёл Святой Тройцы заклаў яшчэ заснавальнік Глыбокага Іосіф Корсак. У 1780-х яго перабудавалі, паглядзець храм можна і ўнутры, і звонку. Насупраць стаіць Сабор Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, з вежы-званіцы якога адкрываецца мілы від на горад. На старых могілках – «Капцёўцы» – знойдзеце капліцу XVIII стагоддзя і мемарыяльную калону ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года. Там жа ўсталяваны помнік Мюнхгаўзену. На могілках пахаваны грамадзянін з такім прозвішчам – гэта, вядома, не казачны барон, але глыбачане забаўляюцца, як могуць. На машыне лёгка дабрацца яшчэ да адной славутасці – адзінай беларускай карставай пячоры, размешчанай пад Глыбокім, на беразе возера Гінькава.

У гэтым артыкуле асветлены цікавыя месцы, на якія хопіць выходных. Аднак калі часу дастаткова, то вылучыце яго і на ўнікальную прыроду Віцебшчыны і, заадно, наведайце адзін з найбуйнейшых фестываляў у Беларусі «Славянскі базар». На гэтай зямлі размешчаны самыя-самыя месцы Беларусі: самы вялікі камень, самае глыбокае возера, самае вялікае верхавое балота, самая велічная 200-гадовая сасна, сапраўдны прыродны вадаспад і востраў з возерам. Наведайце Бярэзінскі біясферны запаведнік, які здзіўляе маштабамі некранутай балотнай флоры і фаўны. Калі хочацца адпачыць і расслабіцца, прыязджайце на Браслаўскія азёры, каб пакупацца, схадзіць у паход, пакатацца на лодках або спакойна палюбавацца маляўнічымі заходамі ля вады. Наперад – на поўнач, за прыгодамі!