Паляванне было не адзіным захапленнем Бенедыкта Тышкевіча. Граф падарожнічаў па свеце, калекцыянаваў аб'екты мастацтва, цікавіўся спортам, жывапісам і фатаграфіяй. Тышкевіч любіў фатаграфаваць прыроду, жывёл, побыт звычайных людзей і нават атрымаў міжнароднае прызнанне як фатограф. Частка яго здымкаў, якія захаваліся пасля Першай сусветнай вайны, захоўваюцца ў французскім музеі горада Шалон-сюр-Сон. Ёсць падставы меркаваць, што паляўнічы дом часткова быў для графа фотастудыяй, а некаторыя фотаздымкі дагэтуль могуць захоўвацца ў мясцовых старажылаў.

Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае

Сын Бенедыкта, Бенедыкт Ян Тышкевіч, які любіў гэтыя мясціны не менш за бацьку, з цягам часу прыбудаваў да паляўнічага дома другі паверх і заклаў на тэрыторыі сядзібы гаспадарчыя будынкі. Падчас пажару, які адбыўся ў канцы XIX стагоддзя, драўляны «палац» згарэў. Бенедыкт Ян прыняў рашэнне ўзвесці на яго месцы каменны будынак, сцены якога часткова захаваліся да нашых дзён. У доме была праведзена каналізацыя, на першым паверсе знаходзілася арачная галерэя, над галоўным уваходам уздымалася надбудова з балконам.

У пачатку XX стагоддзя гаспадар сядзібы адкрыў на тэрыторыі маёнтка вялікі звярынец, дзе разводзілі аленей, мядзведзей і іншых дзікіх звяроў. Яго плошча складала прыкладна 500 гектараў. Ва ўрочышчы таксама зрабілі пейзажны парк, куды завезлі рэдкія дрэвы і кустоўе.

Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае

Першая сусветная вайна і далейшыя падзеі парушылі размеранае жыццё ў сядзібе Тышкевічаў. Найбольшы на тэрыторыі Беларусі звярынец спусцеў у выніку ваенных дзеянняў і нашэсця браканьераў, тэрыторыя ўрочышча перайшла ва ўладанне Польшчы, граф Тышкевіч пакінуў сядзібу назаўжды.

Улады Польшчы спрабавалі аднавіць звярынец, але іх планы былі парушаны Другой сусветнай вайной. Падчас вайны дом Тышкевічаў быў падарваны савецкімі партызанамі каб знішчыць фашысцкіх салдат, якія заселі ў сценах сядзібы. Ад «паляўнічага палаца» засталіся толькі руіны, якія дагэтуль прывабліваюць аматараў даўніны і закінутых будынкаў.

Сядзіба Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае

Сядзіба знаходзіцца ў 22 кіламетрах ад Мінска, але самастойна дабрацца ў гэтае атмасфернае месца на ўскрайку Налібоцкай пушчы не так проста – сюды не ходзяць прамыя аўтобусы і цягнікі. Самы просты варыянт – прыехаць на аўтамабілі. Былая сядзіба Тышкевічаў размешчана ў трох кіламетрах ад вёскі Рудня Валожынскага раёна, побач з закрытым санаторыем «Лясное». Наведванне былога ўрочышча Вялае ўваходзіць таксама ў экскурсійныя маршруты па Валожыншчыне і экалагічныя туры па Налібоцкай пушчы.