Лічыцца, што сваю назву яна атрымала ад шляхецкага роду Жэмлаў, якія валодалі паселішчам у XVII стагоддзі. Пазней Жамыслаўль пераходзіў ад адных шляхцічаў да другіх. У пачатку XIX стагоддзя гаспадаром Жамыслаўля стаў польскі магнат Якуб Умястоўскі, які пачаў будаўніцтва сядзібнага комплексу на беразе ракі Гаўя. Праца цягнулася доўгія гады, пасля смерці Якуба будаўніцтва сядзібы працягнулі яго сыны Людвіг і Казімір, а пазней жонка Казіміра Юзэфа. Будаўнічыя работы былі завершаны толькі ў 1877 годзе, пры ўнуку Якуба Умястоўскага Уладзіславе.

У 20-х гадах XIX стагоддзя Казімір Умястоўскі зрабіў у сядзібе аранжарэю, пабудаваў каменныя флігелі, стайню і двухпавярховы леднік – месца для захоўвання прадуктаў, якія хутка псуюцца. Пасля смерці Казіміра яго жонка вырашыла ўдасканаліць сядзібу і пабудаваць на месцы драўлянага дома каменны палац. Гаспадары Жамыслаўля хацелі, каб новы будынак нагадваў каралеўскі палац у Варшаве – Лазенкі. Гісторыя не захавала імя архітэктара, але ёсць версія, што гэта быў Леанард Марконі. Хто б ні быў аўтарам праекта, ён здолеў рэалізаваць задуму Умястоўскіх. Над Гаўяй узняўся двухпавярховы палац у неакласічным стылі з тэрасай для прагулак на даху, якая мела фігурную агароджу. Галоўны фасад быў упрыгожаны бэльведэрам з руставаным парапетам, не характэрным для беларускай архітэктуры. Будынак сапраўды вонкава нагадваў Лазянкоўскі палац. Унутраная планіроўка таксама паўтарала план польскай каралеўскай рэзідэнцыі.

Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Інтэр'еры палаца Умястоўскіх хоць і саступалі каралеўскім, але ўсё ж вылучаліся выкшталцонасцю і раскошай: паркетная падлога з выкладзеным на ёй арнаментам, фрэскавыя роспісы на сценах, разныя дубовыя панэлі, каміны і мармуровыя печы, скульптуры, прывезеныя з Еўропы, мэбля, зробленая рукамі мясцовых майстроў. На тэрыторыі сядзібы працавалі бровар і сыраварня, прыслуга жыла ў падвальных памяшканнях палаца і асобных флігелях.

Казімір Умястоўскі з жонкай былі адукаванымі людзьмі і шмат падарожнічалі. З замежных вандровак яны прывезлі ідэю разбіць вакол палаца англійскі пейзажны парк. У сядзібе пасадзілі сад, каштанавыя і ліпавыя алеі, арганізавалі штучны ставок з арачным мосцікам і прычалам для лодак. Пазней сядзібна-паркавы комплекс перайшоў у спадчыну сыну Казіміра Уладзіславу.

Лёс сядзібы Умястоўскіх у ХХ стагоддзі

На пачатку ХХ стагоддзя Уладзіслаў Умястоўскі памёр, пакінуўшы маёнтак жонцы Яніне. У гады Першай сусветнай вайны ў сядзібе знаходзіўся нямецкі шпіталь. Немцы вывезлі з палаца галоўныя каштоўнасці, таму па заканчэнні вайны Яніна прыняла рашэнне перадаць маёнтак Віленскаму ўніверсітэту. У савецкі час палац належаў мясцоваму саўгасу. Пасля закрыцця саўгаса сядзібны комплекс пачаў руйнавацца.

Нягледзячы на тое, што большая частка будынкаў добра захавалася, цяпер сядзіба Умястоўскіх знаходзіцца ў аварыйным стане. Да гэтага спрычыніўся пажар, падчас якога абвалілася частка даху і перакрыццяў. У 2017 годзе беларускі прадпрымальнік выкупіў маёнтак, ачысціў тэрыторыю сядзібы і адрэстаўраваў леднік. Уладальнік плануе адкрыць тут турыстычны комплекс, але работы па аднаўленні вядуцца вельмі марудна.

Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Сёння на тэрыторыі маёнтка ў Жамыслаўлі знаходзяцца:

  • сядзібны дом, дзе можна ўбачыць рэшткі ўнутранага ўбрання: мазаічную падлогу, фрагменты дэкору столяў, рэшткі дубовых сценавых панэлей, мармуровых печаў;
  • леднік – пасля аднаўленчых работ яго ператварылі ў офісны будынак;
  • свіран;
  • будынак бровара.

Каб убачыць як аднаўляюць «беларускія Лазенкі», едзьце ў Жамыслаўль трасай М6 да Іўя, потым збочце на дарогу Н6007. Дабрацца з Мінска можна таксама аўтобусамі і маршруткамі, з перасадкамі ў Лідзе ці Іўі.