Што падрыхтавалі Стоўбцы?

Што падрыхтавалі Стоўбцы?

На свята ў гонар працаўнікоў сяла вылучаюцца велізарныя рэсурсы, і гэты год не стаў выключэннем. Да адкрыцця кірмашу-фестывалю ў Стоўбцах запрацуе кінатэатр «Беларусь» з новым якасным абсталяваннем. Госці змогуць адпачыць на пляжы і наведаць абноўлены рэстаран «Нёман». 

Дзе перакусіць?

Вядома ж, фудкорты, у якіх вы зможаце пакаштаваць у тым ліку і нацыянальную кухню, будуць і на фестывалі, але калі вырашыце прагуляцца па Стоўбцах, то вось вам некалькі месцаў, дзе можна смачна перакусіць:

GORODOK

Тут добрыя цэны, нармальныя порцыі і, што немалаважна, смачная кухня. Плюсам будзе паркоўка для машын і прыемны інтэр'ер установы. У цэлым, рэкамендуем!

Пон-пушка

Мясцовая кандытарская, дзе можна пакаштаваць выдатныя пончыкі. Толькі трэба помніць, што разбіраюць гэта смакоцце так хутка, што да вечара на паліцах ужо не застаецца ніводнай здобы.

Рэстаран «Нёман»

Пра гэты рэстаран мы ўжо згадвалі вышэй. Да прыёму гасцей ён сапраўды рыхтуецца з размахам. Новая мэбля, рамонт, новае меню… Зрэшты, наконт кухні сумнявацца не варта, бо яна і раней карысталася вялікім попытам і збірала ў сябе аматараў смачна паесці.

Выбітнасці, якія можна паглядзець па дарозе:

Дом-музей Якуба Коласа ў Акінчыцах

Дом-музей Якуба Коласа ў Акінчыцах

Тут вы пазнаёміцеся з гісторыяй жыцця аднаго з самых вядомых пісьменнікаў Беларусі. У музеі захаваліся прадметы побыту, якімі карысталася сям'я Міцкевічаў, на хаце вісіць мемарыяльная дошка, якая кажа пра тое, што менавіта тут і нарадзіўся народны паэт.

Царква Святой Ганны

Царква Святой Ганны

Гэты стары будынак быў узведзены ў 1825 годзе. На сённяшні дзень храм адрэстаўраваны і мае вельмі дагледжаны выгляд. Месца па-сапраўднаму святое. Тут захоўваюцца каштоўныя абразы, памаліцца ля якіх можа кожны вернік.

Музей-сядзіба «Дзяржынава»

Музей-сядзіба «Дзяржынава»

Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі збудавана ў гонар рэвалюцыянера Фелікса Дзяржынскага, які нарадзіўся тут у 1877 годзе. Калекцыя музея можа пахваліцца сапраўднымі дакументамі і фатаграфіямі, якія пазнаёмяць вас з жыццём Дзяржынскага. Часта ў гэтым музеі праводзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы і турыстычныя экскурсіі.

Мы ўпэўненыя, што маштабнае свята восені «Дажынкi-2022» не дасць засумаваць нікому. Стоўбцы чакаюць з нецярпеннем гасцей і рыхтуюць мноства сюрпрызаў, каб здзівіць менавіта вас!