У 2021 годзе гэта будзе Капыль. Таму 4-5 верасня падарожнікі змогуць наведаць свята ў гэтым горадзе. Гэтым разам яно таксама прымеркавана да «Года народнага адзінства». У Дзень беларускага пісьменства будуць узнагароджаны пераможцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі, таксама будуць арганізаваны дадатковыя забаўляльныя і адукацыйныя мерапрыемствы.
Зараз у горадзе ідзе актыўная падрыхтоўка: на будынках з'яўляюцца муралы ў гонар беларускіх літаратурных дзеячаў, будзе ўсталяваны помнік Ц. Гартнаму, а таксама з'явяцца 17 інтэрактыўных лаў, якія раскажуць пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Капыльшчыне. Таму можна быць упэўненымі, што горад будзе да Дня беларускага пісьменства ў поўнай «баявой гатоўнасці» прымаць гасцей з усіх рэгіёнаў краіны.
Але перад тым, як ехаць на свята, мы прапануем даведацца ці ўспомніць, як зараджалася пісьменства на тэрыторыі Беларусі, каб зразумець важнасць гэтага свята.
Першыя помнікі беларускага пісьменства адносяцца да Х стагоддзя. Полацк і Смаленск былі цэнтрамі распаўсюджвання пісьменства, дзе ў XII-XIII стст. зараджаецца мясцовае летапісанне. Так з'яўляюцца творы-аўтабіяграфіі: «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Жыціе Аўрамія Смаленскага».
Адным з найважнейшых этапаў у развіцці беларускага пісьменства з'яўляецца ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага. Беларуская мова з ХIV стагоддзя была дзяржаўнай мовай ВКЛ. Найважнейшыя помнікі беларускага пісьменства гэтага перыяду – статуты ВКЛ 1529 г., 1566 г. і 1588 г.
Важную ролю ў развіцці беларускага пісьменства адыграў Францыск Скарына. Францыск Скарына – гэта філосаф, доктар медыцынскіх навук, які выдаў «Псалтыр», «Апостал» і іншыя творы. Таму імя гэтага гістарычнага дзеяча цяпер неразрыўна звязана з асветай і кнігадрукаваннем. Помнік яму стаіць каля Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, яго імем названыя школы і гімназіі, а таксама медаль і ордэн нашай краіны.
У канцы ХVIII ст. было надрукавана першае выданне на беларускай мове – «Камедыя» Марашэўскага, што было пачаткам актывізацыі творчасці на беларускай мове, якое працягнулася ўжо ў XIX стагоддзі. У гэты час у свет выйшлі «Энеіда навыварат» В. Равінскага, «Тарас на Парнасе» К. Вераніцына і іншыя творы. У гэты ж час пачаў тварыць В. Дунін-Марцінкевіч, які з'яўляецца аўтарам п'есы "Пінская шляхта", некалькіх зборнікаў вершаў і іншых твораў.
Таксама важная роля ў станаўленні беларускай мовы адводзіцца газетам «Наша Ніва» і «Наша доля», з якімі звязаныя такія вядомыя імёны, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і многія іншыя.
Вялікі ўплыў на беларускую літаратуру аказала Вялікая Айчынная вайна. Было выдадзена мноства твораў на ваенную тэму: «Трывожнае шчасце» І. Шамякіна, «Хатынская аповесць» А. Адамовіча, а таксама творы В. Быкава – «Знак бяды», «Сотнікаў» і іншыя.
Калі казаць пра сённяшні дзень, то існуе «Саюз пісьменнікаў Беларусі», які аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных напрамкаў, а з 1994 года ў нашай краіне святкуецца Дзень беларускага пісьменства.
Беларускае пісьменства сустрэла мноства перашкод на шляху свайго станаўлення, але ўсё ж да нашых дзён дайшло мноства літаратурных твораў, якімі ганарыцца кожны беларус. І зараз мы працягваем захоўваць і памнажаць спадчыну беларускай культуры, падтрымліваючы новыя таленты і не забываючы творы мінулых пакаленняў.