А што ў праграме?

Сёлета лозунг фестывалю гучыць так: «З мінулага ў сучаснасць». А гэта значыць, што нудзіцца дакладна не давядзецца! Арганізатары падрыхтавалі разнастайную праграму на любы густ. Акрамя гэтага, на працягу ўсяго фэсту будуць працаваць разнастайныя інтэрактыўныя пляцоўкі і забаўляльная зона для дзяцей. Вы зможаце набыць вырабы беларускіх рамеснікаў, перакусіць на фуд-корце, зрабіць аквагрым і шмат што іншае…

А 16:00 вас чакае канцэрт арганнай музыкі, які пройдзе ў касцёле Святога Яна Хрысціцеля. 
У 16:45 – уражальная тэатралізаваная імпрэза.
Ужо а 17:00 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё рэгіянальнага фестывалю, на якім гасцей чакаюць некалькі сюрпрызаў. 
Увечар, а 22:00, гасцей чакаюць на грандыёзным выступе ўдзельнікаў нашумелага шоу «X-фактар Беларусь». 
Скончыцца праграма «Гальшанскага замка» ўражальным шоу «Магія агню», якое зазіхаціць перад вашымі вачамі а 23:00.

 Крыху гісторыі:

Фэст варта наведаць не толькі дзеля незабыўных уражанняў і крутой атмасферы, але яшчэ і з-за самога месца.

Фестываль «Гальшанскі замак 2022»

Гальшанскі замак з'яўляецца адным з самых цікавых архітэктурных шэдэўраў Беларусі. Ён будаваўся па загадзе Паўла Сапегі напачатку XVII стагоддзя і звонку вельмі нагадваў Мірскі замак. Першая і Другая сусветныя войны пакінулі ад замка толькі велічныя руіны, якія дажылі да нашых дзён, але і сярод іх можна разгледзець цікавую архітэктурную задуму таго часу.

Можа, нешта яшчэ?

Безумоўна, Гродзенская вобласць багатая на славутасці. Мы склалі для вас невялікі спіс таго, што можна наведаць па дарозе на фестываль.

  1. Па дарозе ў Гальшаны вы можаце заехаць у Залессе. Асноўная прычына, па якой варта зазірнуць у гэта мястэчка, – гэта музей-сядзіба М.К. Агінскага.
    музей-сядзіба М.К. Агінскага

    Прагуляйцеся па маляўнічых сцежках парка, вазьміце ўдзел у цікавай тэатралізаванай экскурсіі і акуніцеся ў атмасферу XIX стагоддзя, а потым абавязкова выпіце кубачак кавы ў аранжарэі. Гэта месца натхняе, матывуе і зачароўвае!

  2. Рэкамендуем заехаць у гістарычны куток нашай радзімы, у населены пункт Крэва. 
    Крэва

    Усе мы вывучалі ў школе гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Менавіта тут, у сценах замка, была заключана Крэўская унія, якая зацвердзіла саюз паміж ВКЛ і Польшчай, тут жа прайшло і вяселле караля Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі. Відаць, лішнімі будуць тлумачэнні пра тое, што ў XIII-XIV стагоддзях горад Крэва быў адным з найважнейшых цэнтраў княства Літоўскага. Цяпер ад велічнага замка засталіся руіны, але нават яны ўражваюць сваім маштабам.

  3. Вядома ж, самі Гальшаны. Замак – гэта не адзіная славутасць гэтага населенага пункта. 
    Замак Гальшаны

    На фестывалі «Гальшанскі замак 2022» у кожнага будзе магчымасць паўдзельнічаць у агляднай экскурсіі, дзе вам пакажуць галоўныя гістарычныя збудаванні і пазнаёмяць з іх цікавай гісторыяй.

XI рэгіянальны фестываль у Гальшанах чакае менавіта Вас і абяцае быць нясумным. Не сядзіце дома, падарожнічайце і спазнавайце прыгажосць сваёй краіны! Жадаем добра адпачыць і павесяліцца!