Секцыя Беларускага саюза мастакоў “Верасень” афіцыйна была арганізавана ў структуры БСМ як творчае аб'яднанне ў 1989 г. Ужо вядомые на той момант мастакі-графікі Сяргей Волкаў, Яўген Жылін, Леанід Марчанка, Уладзімір Пашчасцеў, Мікалай Рыжыкаў разам з Георгіем і Наталляй Поплаўскімі, Мікалаем Казловым, Віктарам Кліменкай, Барысам Цітовічам, Міхаілам Міронавым, Уладзімірам Шнарэвічам і іншымі ўтварылі ядро аб'яднання, якое ў 2019 г. адзначыла сваё трыццацігоддзе.
“Верасень” стаў адным з цэлага шэрагу творчых супольнасцяў, якія з'явіліся як у Саюзе мастакоў, так і ў нефармальным асяроддзі ў перыяд 1980 – 1990 гг., калі мяняліся і актыўна абмяркоўваліся формы, канцэпцыі і далейшыя шляхі развіцця нацыянальнага мастацтва.
Аб’яднанне сабрала цэлую плеяду таленавітых мастакоў, якія яскрава заявілі аб сабе ў станковых графічных серыях ў тэхніцы афорта, аўталітаграфіі, у малюнку і акварэлі, а таксама ў часопіснай і кніжнай графіцы, плакаце.
Мастакі “Верасня” імкнуліся да філасофскага зместу з лірычным сюжэтам, літаратурным і культурным асацыяцыям, якія ўбіраюць у сябе і рамантычны пафас “суровага стылю”, і ідэю дыялогу мастацкіх моў 1970-х .
“Верасень” арыентаваны перш за ўсё на захаванне найважнейшай ідэі значнасці прафесійнай, маральнай і эстэтычнай каштоўнасці мастацтва па-за палітычнай ангажаванасці і масавага густу.
Нягледзячы на адрозненне стылістыкі, настаўнікаў і асабістых пераваг, агульнымі для “вераснёўцаў” сталі прынцыпы творчасці – стаўленне да рэчаіснасці, злучэнне сучасных выяўленчых формаў з традыцыямі класічнай эстэтыкі, тонка ўспрынятая сувязь з нацыянальным фальклорам.
Хоць першапачаткова “Верасень” быў у асноўным аб’яднаннем графікаў, многія паспяхова рэалізавалі сябе ў самых розных напрамках творчасці – акварэльным і алейным жывапісе, сцэнаграфіі, дызайне, прыкладным мастацтве, педагагічнай дзейнасці.
Значнае месца ў экспазіцыях аб’ядняння займае акварэль, у якой плённа працуюць такія выдатныя майстры гэтай тэхнікі, як Ірына Лобан, Яўген Саковіч, Уладзімір Шнарэвіч, Наталля Марчанка і інш. У апошні час секцыя таксама папоўнілася цэлым шэрагам жывапісцаў (Раіса Сіплевіч, Элеанора Бубашкіна, Вераніка Віткоўская, Ала Каласенцава, Сяргей Шэмет, Ларыса Зарубіна). Сучасныя стылістычныя тэндэнцыі прыўносяць у секцыю мастакі сярэдняга і маладога пакалення, якія валодаюць уласным творчым почыркам, гэта Наталля Марчанка, Улада Белавусава-Кірыенка, Усевалад Швайба, Тамара Дзяменьц’ева, Марына Эрэнбург, Элеанора Бубашкіна, Сяргей Шэмет. Сярод “вераснёўцаў” нямала педагогаў. У розных мастацкіх навучальных установах выкладаюць Е.Саковіч, І.Лобан, Н.Сустава, В.Швайба, Э.Бубашкіна, В. Віткоўская, А. Каласенцава. Тым самым яны робяць важкі ўклад у выхаванне і фарміраванне маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў.
За шмат гадоў у “Верасня” сфармаваўся «свой твар» і пэўныя выставачныя традыцыі. Справаздачныя выставы “вераснёўцаў”, адбываюцца раз у два гады і заўсёды адрозніваюцца тэматычнай і тэхнічнай разнастайнасцю – ад рэалізму і экспрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі, ад алейнага жывапісу – да малюнка і друкаванай графікі, а таксама экспазіцыйнай культурай і прафесіяналізмам.
Акрамя гэтага, члены аб’яднання пастаянна ўдзельнічаюць у розных мастацкіх праектах і пленэрах, праводзяць персанальныя экспазіцыі ў нашай краіне і за яе межамі. Іх працы неаднаразова адзначаліся рэспубліканскімі і міжнароднымі ўзнагародамі.
З моманту стварэння і па гэты дзень, “Верасень” застаецца супольнасцю творчых індывідуальнасцяў, працягваючы годна развіваць прынцыпы эстэтычнай каштоўнасці мастацтва, адказнасці мастака за тое, што ён прыўносіць у свет сваімі творамі, закладзеныя тры дзесяцігоддзі таму.
Марына Эрэнбург,
мастак, арт-крытык