25 чэрвеня пройдзе адкрыццё фестывалю. У гэты дзень гледачы пачуюць оперу «Набука». Гэта яркая опера Джузэпэ Вердзі, дзе галоўная роля адводзіцца хору. Менавіта ён – галоўны каментатар падзей, і ён прымушае гледачоў адчуць усё, што адбываецца на сцэне. Дазеную пастаноўку можна назваць сапраўды яркай і захапляльнай. Некалькі гадоў гледачы не маглі яе ўбачыць на сцэне тэатра, але цяпер яны могуць прыехаць у Нясвіж, каб убачыць яе ва ўсёй красе.
Яшчэ ў гэты дзень гледачы паслухаюць канцэрты французскай музыкі «La promenade», а таксама беларускай і замежнай вакальнай і арганнай музыкі XX стагоддзя.
26 чэрвеня гледачы ўбачаць «Ноч пераўвасабленняў». «Ноч пераўвасабленняў» – своеасаблівы канцэрт-сюрпрыз з асаблівай праграмай. Гэта будзе спалучэнне з пазнавальных твораў Бернстайна, Уэбера, Гальяна, Мілера, Афенбаха, Дэбюсі, Стайна, Мэрк'юры. Таксама ў праграме будуць арыі і дуэты з самых вядомых мюзіклаў.
У гэты ж дзень госці фестывалю наведаюць канцэрты «Завіруха» і «Заўсёды ў маім сэрцы. Музыка Італіі, Іспаніі і Кубы». «Завіруха» – гэта літаратурна-музычная кампазіцыя, якая працінае сэрцы слухачоў душэўнай музыкай Георгія Свірыдава. «Заўсёды ў маім сэрцы. Музыка Італіі, Іспаніі і Кубы» – гэта энергічная і запальная кампазіцыя, якая будзе выканана струнным квінтэтам «Серэнада».
27 чэрвеня пройдзе закрыццё фестывалю «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». У гэты дзень гледачы паслухаюць канцэрты двух калектываў – A.M.A.D.I.S. Brass і музычнага трыа Gloria. A.M.A.D.I.S. Brass – калектыў, у рэпертуары якога не толькі класічная музыка, але і сучасныя папулярныя кампазіцыі.
Gloria – інструментальнае трыа, музыканты якога гарманічна спалучаюць скрыпку, віяланчэль і флейту на сваіх канцэртах. «Вышэй за неба» – канцэрт музыкі эпохі барока. Сама назва канцэрта кажа пра імкненне да ўзнёслага, таму што барочная музыка – гэта бясконцы рэсурс для натхнення. Калі хочаце ў гэтым пераканацца, то вам адназначна варта схадзіць на гэты канцэрт.
Таксама на працягу ўсяго фестывалю будуць дзейнічаць выставы «Захавальнікі» і «Адлюстраванні часу і веры». На выставе «Захавальнікі» госці фестывалю ўбачаць скрыні, шкатулкі, валізкі з фондаў музея-запаведніка «Нясвіж». Усе экспанаты аб’яднаныя адной ідэяй: яны прызначаны для захоўвання прадметаў. Узрост рэчаў складае ад некалькіх дзесяцігоддзяў да чатырохсот гадоў.
Выстава «Адлюстраванні часу і веры» распавядае пра час, калі Нясвіж быў адным з цэнтраў каталіцкай царквы ў Беларусі. На ёй прадстаўлены экспанаты Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі: сюжэты ікон і гравюр з нясвіжскіх храмаў, фрагменты слуцкіх паясоў і г.д.
Пасля года перапынку арганізатары фестывалю падрыхтавалі разнастайную і цікавую праграму, якая спалучае ў сабе розныя па настроі канцэрты і пастаноўкі, што прымушае гледача перажываць самыя розныя эмоцыі. Ці гэта не нагода з’ездзіць у Нясвіж у канцы чэрвеня?
Фестываль праводзіцца на працягу некалькіх дзён, так што Вы можаце спыніцца ў гасцініцы «Палац», якая размешчана проста ў замку, і правесці выхадныя як беларуская шляхта часоў ВКЛ! Таксама ў горадзе можна знайсці і іншыя варыянты для размяшчэння.