Адрас:
Гродзенская вобласць, Ашмянскі раён, в. Гароднікі
Капліца на мясцовых могілках вядома з першай трэці ХIХ ст., да 1830 г. тут была капеланія ад францішканскага кляштара са Старых Ашмянаў. Новая святыня на яе месцы пабудавана ў 1864 г. як сямейная пахавальня тутэйшых землеўладальнікаў Снядзецкіх і прыпісана да ашмянскай парафіі. Капліца асвечаная пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель.
Пасля рамонту 1990 года капліца зноў дзейнічае, уяўляе сабою прамавугольны ў плане зруб з трохграннай алтарнай часткай. Капліца перакрыта двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і завершана невялікай чатырохграннай вежай над галоўным фасадам. Сапраўдным упрыгожаннем інтэр’ера з’яўляецца цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, усталяваны ў галоўным алтары. У левым бакавым алтары змешчаны абраз св. Алаізія, у правым – Пана Езуса, які нясе крыж (у гэтым алтары закладзена дошка з лацінскім надпісам аб тым, што яна са святымі рэліквіямі перададзена з Вільні ў ашмянскі касцёл 3 кастрычніка 1836 г.). Над уваходам зроблены хоры на двух слупах. Пад капліцай – пахавальня Снядзецкіх. Побач з капліцай знаходзіцца цікавы надмагільны помнік Енджэя Снядзецкага ў выглядзе пахавальнай урны пад крыжам на высокім пастаменце.