Адрас:
Гродзенская вобласць, Ашмянскі раён, г. Ашмяны, вул. Барунская,
Збудаванне гэтага прадпрыемства, што захавалася да нашых дзён, цікава не толькі сваёй адметнай архітэктурай, але з’яўляецца прыкладам паспяховага гаспадарчага праекта, які рэалізаваў мясцовы магістрат у міжваенны час мінулага стагоддзя. Больш таго, яна прыцягвае ўвагу яшчэ з той нагоды, што ў свой час з’ўлялася адзінай і найбуйнейшай гідраўлічнай электрастанцыяй на тэрыторыі Віленшчыны. Пры гэтым сабекошт электраэнергіі быў самым танным, а тарыфы для спажыўцоў найменьшымі ў параўнанні з іншымі электрастанцыямі ваяводства.
У кароткім даследаванні пра водныя млыны краю (“Ашмянскі веснік”, №50 ад 6 ліпеня 2016г.) была ўзгадана гісторыя ашмянскага млына па вуліцы Барунскай, які папярэдне існаваў на гэтым прыдатным месцы. Не адно стагоддзе ён спраўна дапамагаў мясцовым жыхарам у гаспадарчай дзейнасці, паспяхова выкарыстоўваючы энэргію ракі Ашмянкі. У канцы Першай сусветнай вайны пажар знішчыў млын з турбінай і было вырашана перавезці ў горад невялікую частку абсталявання з акруговай нямецкай электрастанцыі ў Лошы.
Як вядома, акупацыйныя нямецкія ўлады стварылі на занятых тэрыторыях шэраг прадпрыемстваў па вытворчасці электрычнасці. Гэтыя электрастанцыі забяспячвалі токам у першую чаргу франтавыя і тылавыя пазіцыі, а з цягам часу пачалі пастаўляць электраэнергію для прадпрыемстваў, якія рабункова эксплуатавалі акупаваныя землі. З гэтай мэтай паўсталі электрастанцыі (самі немцы называлі іх электрацэнтралі) каля Смаргоні, Крэва, у Жупранах. Пра з’яўленне электрычнасці ў Багданаве і навакольных вёсках згадваў у тагачасных дзённікавых запісах Фердынанд Рушчыц, што сведчыць пра існаванне электрастанцыі ў тых мясцінах. Самая ж магутная з іх, звязаная з усімі электрацэнтралямі, была пабудавана на правым беразе ракі Лоша, побач з фальваркам Сяржанты. Гэтая мясціна ўваходзіла тады ў былы Ашмянскі павет, сёння гэта тэрыторыя з рэшткамі электрастанцыі належыць суседняму Астравецкаму раёну.
Менавіта адтуль у канцы 1918 года перавозіцца ў Ашмяны лакамабіль магутнасцю ў 24 конскія сілы і генератар у 16 кВт. Вельмі простая электрастанцыя вырабляла пастаянны ток напружаннем у 220 вольт, дзейнічала пры максімальнай нагрузцы штодня ад змяркання да першай гадзіны ночы. У лютым 1922 года магістрат г.Ашмяны на тры гады ўзяў у арэнду гэтае прадпрыемства, але яшчэ да завяршэння тэрміну гарадскія ўлады набылі ўсё абсталяванне электрастанцыі і электрасеткі ў камунальную ўласнасць.
Колькасць абанентаў складала ў гэты час крыху больш за 300 прыватных асоб і невялікіх кааператываў. Стан начыння і стан электрасетак быў нездавальняючым, таму генератар працаваў з перагрузкай, а свет быў вельмі слабым. З улікам гэтых фактараў было прынята рашэнне яшчэ раз выкарыстаць энергію вод Ашмянкі для пазітыўнай работы. Стары аб’ект быў ліквідаваны і заменены новай гідраэлектрастанцыяй. Пасля адбудавання маста з водазлівам і плацінай у 1927 годзе быў узведзены новы будынак з памяшканнем для турбіны, генератара і іншага тэхналагічнага абсталявання. Водную турбіну магутнасцю ў 92 конскія сілы і патрэбныя для турбіны механізмы выканала вядомая варшаўская фірма “К.Рудзкі і Кампанія”, а генератар у 65 кВт з размеркавальным шчытом і электрычныя сеткі паставіла найстарэйшая польская фірма “Браўн-Боверы СА”. Усё начынне электрастанцыі было выканана паводле новых тэхнічных дасягненняў: ток быў выбраны зменны трохфазны — 380 на 220 В, магістральныя і прымыкаючыя лініі выкананы з меднага дроту. Працягласць паветранай электрасеткі склала 9км 171м.
Ашмянская гідраэлектрастанцыя пачала сваю дзейнасць ў лістападзе 1927 года, а 22 чэрвеня 1929 года была ўрачыста асвечана. Ток, які яна выпрацоўвала, служыў для асвятлення памяшканняў, вуліц і гарадскіх пляцаў, па магчымасці забяспечваў токам работу электраматораў. Гідраэлектрастанцыя дзейнічала цэлыя суткі і з кожным годам набывала новых абанентаў. Так, у час пуску іх было 277, а ў 1932 годзе колькасць падключаных да сеткі карыстальнікаў дасягнула лічбы 692. Персанал станцыі складаўся з кіраўніка, кантралёра і чатырох манцёраў.
Агульны кошт праекта склаў амаль 250 тысяч злотых, з якіх на пабудову Барунскага маста пайшло 108 тысяч, на ўзвядзенне мураванага будынка станцыі каля 22 тысяч, на іншае электрычнае абсталяванне і электрычныя сеткі каля 120 тысяч злотых. Гарадскі ўрад для гэтых мэт скарыстаў пазыку і інвеставаў яе на пабудову гідраэлектрастанцыі. Такі падыход пазней быў прызнаны рацыянальным не толькі з гаспадарчага пункту гледжання, але і грамадскага. Прыбытак ад дзейнасці электрастанцыі не толькі пакрываў розныя крэдытныя ўзносы і амартызацыю, але яшчэ даваў кожны год прыбытак больш за 20 тысяч злотых, які накіроўваўся на патрэбы горада.
З невялікімі перапынкамі ашмянская гарадская электрастанцыя забяспечвала спажыўцоў электраэнергіяй да красавіка 1959 года. За гады свайго існавання прадпрыемства пакінула значны след у гісторыі горада. У міжваенны перыяд яна садзейнічала развіццю прадпрымальніцтва і дробнай прамысловасці, а ў пасляваенны час дапамагала адраджэнню народнай гаспадаркі краю, даючы людзям святло надзеі на лепшую будучыню.