Ідэя стварэння музея з'явілася яшчэ ў канцы 1980-х гадоў. Ініцыятарам стаў заслужаны настаўнік БССР Рыгоp Фёдаравіч Самойлаў, які разам з аднадумцамі пачаў збіраць першыя экспанаты. Важную ролю адыгралі і жыхары раёна: ветэраны, мастакі, краязнаўцы, старажылы – кожны ўнёс часцінку свайго мінулага ў будучы музейны збор.

Афіцыйнае рашэнне аб стварэнні музея было прынята ў красавіку 1990 года. Першым дырэктарам стаў Пётр Міхайлавіч Сырадоеў. Праз некалькі гадоў музей атрымаў свой цяперашні будынак – цагляны, велічны, узведзены да рэвалюцыі, у 1902 годзе. Ён сам па сабе з’яўляецца помнікам гісторыі, бо раней тут знаходзіліся райвыканкам, рэдакцыя газеты і друкарня.

Сёння музей займае дзевяць залаў, кожны з якіх знаёміць наведвальнікаў з пэўным перыядам ці тэмай:

● Прырода роднага краю і падводны свет рэк;
● Археалогія і старажытная гісторыя Чавускага раёна;
● Этнаграфія – традыцыйны побыт, строі і рамёствы;
● Гісторыя раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
● Пасляваеннае развіццё і жыццё сучаснага Чавускага краю.
Асаблівая ўвага надаецца землякам, якімі ганарыцца раён. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза палкоўнік Леў Яўфімавіч Маневіч, выбітны этнограф Іван Іванавіч Насовіч, першая жанчына-доктар медыцынскіх навук Расіі Варвара Аляксандраўна Кашаварава-Руднева, а таксама сучасны спартсмен-біятланіст Сяргей Валянцінавіч Новікаў, які здабыў срэбра на Алімпіядзе ў Ванкуверы.
Фонды музея налічваюць больш за 12 тысяч экспанатаў. Тут можна ўбачыць археалагічныя знаходкі, прадметы этнаграфіі, ваенныя рэліквіі, старажытныя дакументы і фотаздымкі. Сярод унікальных прадметаў – армейскія рэчы часоў Другой сусветнай вайны, калекцыі медалёў і знакаў, рушнікі і тканіны, фотаапарат з аўтографам пісьменніка Канстанціна Міхайлавіча Сіманава.

Музей не абмяжоўваецца толькі традыцыйнымі экспазіцыямі. Тут заўсёды праводзяцца часовыя выставы: ад работ мастакоў і народных умельцаў да экспазіцый з фондаў іншых музеяў Беларусі. Цікавасць выклікаюць інтэрактыўныя праекты, такія як «Казкі на падушках» для дзяцей малодшага ўзросту, а таксама праграмы для маладых, якія знаёмяць гасцей з традыцыямі вясельных абрадаў.
Дзякуючы гэтым ініцыятывам музей робіцца не проста месцам захавання каштоўнасцей, а сапраўдным культурным цэнтрам раёна, дзе разіваецца дыялог пакаленняў.

Асаблівы гонар музея – «Сувенірная лаўка». Тут прадстаўлены вырабы мясцовых рамеснікаў: лазапляценне, ганчарства, разьба па дрэве, вырабы з саломы, а таксама сучасныя працы – роспіс па тканіне, бісерапляценне. Сувеніры з сімволікай горада Чавусы, магніты, кубачкі і аўтарскія вырабы дазваляюць забраць часцінку гэтага краю з сабой.

Чавускі раённы гісторыка-краязнаўчы музей – гэта месца, дзе можна адчуць дух беларускай глыбінкі, убачыць рэдкія экспанаты, даведацца пра выбітных землякоў і адчуць сувязь з гісторыяй. Гэта выдатная лакацыя для сямейнага адпачынку, адукацыйных экскурсій і культурнага турызму.

Горад Чавусы знаходзіцца ўсяго ў 35 кіламетрах ад Магілёва, таму выдатная ідэя – уключыць музей у маршрут падарожжа па рэгіёне.