Аб аб'екце

Будаўніцтва спартыўнага комплексу пачалося з рэканструкцыі 16 футбольных палёў і будынка гарадской школы футбола. У ёй размешчаны зала 36х18 м, трэнажорныя залы, дзесяць блокаў раздзявалак з душавымі і два аздараўленчыя блокі з саўнамі і басейнамі.

Будаўніцтва манежа вялося ў дзве чаргі. Першая чарга была скончана ў 2002 г. Пабудаваны трэніровачны футбольны манеж са стандартным полем 68х105 м. Урачыстае адкрыццё манежа адбылося 26 снежня 2002 года. Эксплуатацыя і ўтрыманне будынка даручаны ТАА «Манеж», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Мінгарвыканкам, Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола», ТАА «Трайпл»

Інтэр'ер
Інтэр'ер

Крайняя абмежаванасць фінансавання і тэрмінаў будаўніцтва прадыктавала рашэнне пра размяшчэнне на пярэднім плане з боку пр. Машэрава (цяпер пр. Пераможцаў) другога аб'екта — спартыўна-аздараўленчага цэнтра, які можа працаваць у аўтаномным рэжыме і ў комплексе з манежам (здадзены ў эксплуатацыю ў студзені 2004 г.).

У 2005 манеж прымаў першы міжнародны юнацкі турнір на прызы Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола».

У 2004, 2005, 2006 і 2008 у манежы праведзены 5 матчаў сусветнай групы Кубка Дэвіса з камандамі Расіі, Аргенціны, Іспаніі, Швецыі і Швейцарыі.

У 2009 годзе ў спартыўным комплексе прайшоў міжнародны конкурс прыгажосці «Міс інтэркантыненталь».

На стадыёне праводзіліся матчы Суперкубка Беларусі (2010, 2011, 2012, 2013, 2014). Таксама на стадыёне гуляюцца матчы Кубка Беларусі (у сувязі з дрэнным станам газонаў адкрытых стадыёнаў у веснавы перыяд).

Апроч футбола і тэніса ў манежы праводзіліся спаборніцтвы па ўсходніх адзінаборствах, чэмпіянат Беларусі па сучасных танцах і сцэнічным мастацтве, Чэмпіянат свету па танцах сярод інвалідаў-калысачнікаў, міжнародны турнір па каратэ «Sunker Cup»