Трохі гісторыі: спачатку было слова...

І слова гэта было – «Прасвет» – так назвалі 4 чэрвеня 1924 года фабрыку ў Гомелі, якой праз стагоддзе будзе наканавана стаць найбуйнейшым вытворцам кандытарскіх вырабаў у Беларусі. «Спартаком» фабрыка стала ў 1931 годзе. Пачыналі з карамелі, ірысак, цукерак і мармеладу, цяпер акрамя гэтага ў хаду – шакалад, мюслі, батончыкі, тарты і пірожныя, ледзянцы, какава-прадукты, пячэнне і вафлі. Яшчэ ў даваенныя гады фабрыка вырабляла 11 тысяч тон прадукцыі ў год. Для ўсведамлення маштабаў – гэта па кілаграме цукерак на кожнага жыхара Беларусі з цяперашняй колькасцю насельніцтва. З той пары аб'ёмы вытворчасці выраслі ў дзясяткі разоў, з'явіліся аўтаматызаваныя лініі і дзясяткі новых відаў слодычаў (цяпер іх больш за 350).

Як гэта працуе і чаму так смачна?

Кандытарская фабрыка «Спартак»

Цяпер вытворчасць аўтаматызаваная амаль на 100%. Гэта значыць, што работнікі не кранаюць прадукцыю, а толькі наладжваюць працу ўстановак. Глабальная мадэрнізацыя прадпрыемства гарантуе спажыўцам высокую якасць слодычаў: па-першае, кожная цукерка ў дакладнасці адпавядае рэцэптуры, па-другое, практычна выключаецца імавернасць браку і, па-трэцяе, вырабы цалкам адпавядаюць санітарным нормам. Аднак, як ні круці, для ідэала смаку патрэбная рука чараўніка. Майстры «Спартака» не ўсё давяраюць машынам: ўпакоўка і напаўненне набораў цукерак, выраб і ўпрыгожанне тартоў і пірожных, фігурнага шакаладу выконваюцца ўручную.

Якасць гатовых вырабаў вызначаецца сыравінай, якая выкарыстоўваецца. «Спартак» закупляе не абсмажаныя какава-бабы і цалкам кантралюе ператварэнне сыравіны і паўфабрыкатаў у гатовыя слодычы на сваёй вытворчасці. Напэўна, таму так смачна.

У гасцях у казкі

Кандытарская фабрыка «Спартак»

Інакш як казкай экскурсію на кандытарскую фабрыку не назавеш. «Спартак» любіць сваіх пакупнікоў і з задавальненнем чакае іх у госці. Як правіла, экскурсія доўжыцца 1 гадзіну 20 хвілін. Гэтага часу хапае, каб зазірнуць у святая святых «Спартака». Можна агледзець вытворчыя цэхі, убачыць, як працуюць сучасныя аўтаматызаваныя канвееры, як замешваецца шакалад, глазура і начынкі ўлюбёных цукерак, а таксама адчувальна прагаладацца. У экскурсійную праграму ўваходзіць дэгустацыя прадукцыі – самая любімая частка маленькіх наведвальнікаў. Дарэчы, каб убачыць гэты чароўны свет знутры, патрэбна быць старэйшым за 10 год, асоб маладзейшых за 18 год пускаюць толькі з паўналетнімі суправаджальнікамі. Колькасць экскурсійнай групы павінна быць у межах ад 15 да 44 чалавек, уключаючы суправаджальнікаў. Таму, каб трапіць на «Спартак», збірайце кампанію сяброў і папярэджвайце адміністрацыю за пару дзён (заяўкі прымаюцца па электроннай пошце).

Экскурсіі плануецца аднавіць з 2022 года.

Кандытарская фабрыка «Спартак»

Спадзяёмся, цяпер вы ведаеце не толькі які пачастунак можна прывезці з Беларусі, але і як гэтыя шэдэўры ствараюць. Аднак, усё ж такі лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць ці прачытаць. Таму ў наступны раз, калі не будзеце ведаць, куды адправіцца за новымі ўражаннямі, паспрабуйце наведаць «Спартак»: шакаладная атмасфера будзе забяспечана, як мінімум, на тыдзень наперад!