Упершыню Пяршаі згадваюцца ў 1492 годзе, з 1493 года ўласнасць віленскага біскупа.
У 1545 годзе тут заснавана каталіцкая парафія.
У 1863 вікарны ксёндз м.Пяршаі Мінскага павета Уладзіслаў Камянецкі прымаў удзел у вызваленчым паўстанні.
У 1933 годзе, калі Пяршаі ўваходзілі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, на месцы старога драўлянага каталіцкага храма пабудаваны будынак храма Св.Юрыя.
У 1990-я гады была праведзена маштабная рэстаўрацыя, у прыватнасці адноўлены вежы галоўнага фасада.
Храм Святога Юрыя-трохнефны. Асноўны прамавугольны аб'ём накрыты двухсхільным дахам. Алтарная частка паўцыркульная, прыбудавана да асноўнага аб'ёму.
Галоўны фасад аформлены ў выглядзе шырокага рызаліту з двухгранным шчытом, размешчанага паміж квадратнымі слупамі. У цэнтры верхняга яруса рызаліту шырокая арачная ніша з трыма вокнамі. Па баках галоўнага фасада-адноўленыя трох'ярусныя вежы з шатровымі завяршэннямі. Астатнія фасады выражаны плоскаснымі, рытмічна расчлянёнымі пілястрамі, прамавугольнымі праёмамі, завершаны карнізам.
Зала храма перакрытая плоскай столлю, апсіда-конхай з люнетамі. Першапачатковы інтэр'ер храма не захаваўся.