Гуляючы ці падарожнічаючы па Мінску, не забудзьцеся зазірнуць у Клуб рамеснікаў. Што гэта такое? Гэта добраахвотнае таварыства майстроў з розных куткоў нашай краіны. Галоўнымі мэтамі яго стварэння было распаўсюджванне інфармацыі пра існаванне беларускіх рамёстваў і іх віды, прасоўванне людзей, якія гэтым займаюцца, а таксама абмен навыкамі паміж імі. Акрамя таго, клуб накіраваны на дабрачынную дзейнасць і папулярызацыю беларускай культуры і мастацтва.
Што прапануюць для гасцей?
Куплю тавараў ручной працы проста з рук рамеснікаў
Удзел у майстар-класах любога майстра
Магчымасць замовіць і набыць індывідуальны выраб па сваім шаблоне
Магчымасць правядзення адпачынку, мерапрыемстваў, спатканняў, святаў у выглядзе творчага майстар-класа
Знаёмства з гісторыяй і культурнай спадчынай беларускага краю
А што, калі вы хочаце быць рамеснікам?
Тут гарантуюць працоўнае месца ў майстэрні, спецыяльна выдзеляць зручную прастору і час для майстар-класа, адвязуць на выставы, каб вы маглі паказаць свае вырабы, распаўсюдзяць інфармацыю пра створаныя вамі рэчы праз Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі клуба і арганізуюць утульныя вечары з загадзя запланаванай тэмай, фотасесіяй і цікавымі гутаркамі.
Спіс і апісанне майстар-класаў
Па вырабе цацачных трусоў і драўляных вырабаў – падыдзе для наведвальнікаў ад 10 гадоў, па працягласці займае 1-1,5 гадзіны, праходзіць па папярэднім запісе, цана 25 р.
Па дэкупажы – стварэнне чайнага доміка па тэхніцы дэкупаж, падыдзе для дзяцей ад 6 гадоў, праходзіць па папярэднім запісе, цана 14 р.
Па мастацкай лепцы званочкаў з гліны і выпальванні на загатоўках з дрэва – праходзіць па папярэднім запісе.
Па кропкавым роспісе брошак, бранзалетаў, магнітаў, бірулек, кубкаў – праходзіць па папярэднім запісе.
Па стварэнні рамак для фатаграфій па тэхніцы сіцылійскіх карункаў і вывучэнні тэхнікі барэльефа/скульптурнага рэльефу – праходзіць па папярэднім запісе.
Па вырабе карціны для інтэр'ера па тэхніцы вадкага акрылу – маляванне адбываецца на палатне з бавоўны памерам 30х30х1,5 см, вы самі падбірае каляровую гаму і выбіраеце, у якой тэхніцы будзеце працаваць, абавязковая рэгістрацыя.
Па роспісе на імбірных перніках – падыдзе для дзяцей любога ўзросту з бацькамі, займае 1-1,5 гадзіны, уваходзіць роспіс трох вялікіх калядных пернікаў і ўпакоўка іх у падарункавую скрынку.
Цікавыя факты
Найбуйнейшым вырабам, які робяць у клубе, з'яўляецца, напэўна, каноэ. Яго вага – 22 кг. Яно паспяхова спраўляецца з выпрабаваннямі на рэках і азёрах, як кажуць самі рамеснікі: «Для аматараў усяго натуральнага!»
У інстаграме клуба рэгулярна праходзяць анлайн конкурсы, дзе разыгрываюцца вырабы са скуры, дрэва і іншых матэрыялаў.
Акрамя гэтага, каманда майстроў наведвае вялікую колькасць конкурсаў, дзе можна ўбачыць не толькі самі шэдэўры, але і тое, як яны ствараюцца.
Клуб рамеснікаў з Мінска таксама супрацоўнічае з клубамі па ўсёй Беларусі.
Гэта месца падыдзе ўсім: і тым, хто даўно хацеў далучыцца да рукадзелля, і тым, хто шукае ідэальны падарунак для родных і блізкіх, і тым, каму сумна, і тым, хто хоча зрабіць больш утульным свой дом, і нават тым, хто хацеў бы знайсці працу па душы. Акрамя таго, наведванне клуба стане ідэальным дадаткам для падарожжаў, каб адчуць атмасферу нашага краю з дапамогай майстар-класаў. Не забывайце сачыць за старонкамі Клуба ў сацыяльных сетках, каб першымі забраць унікальныя вырабы і сапраўдныя шэдэўры ад таленавітых людзей Мінска!