Літаратурны музей Петруся Броўкі зберагае духоўную і матэрыяльную спадчыну паэта. Сярод экспанатаў – рукапісы і аўтографы П.Броўкі, яго родных, сяброў і сучаснікаў, машынапісныя варыянты кніг, лісты і паштоўкі, нотныя рукапісы на словы паэта. Цікавасць таксама выклікаюць карціны, падараваныя П.Броўку, графічныя аркушы з ілюстрацыямі да яго твораў.
Экспазіцыя музея складаецца з дакументальнай і мемарыяльнай частак. Дакументальная экспазіцыя падрабязна знаёміць з жыццёвым і творчым шляхам П.Броўкі, з маляўнічымі краявідамі тых найпрыгажэйшых мясцін, дзе ён нарадзіўся і пабываў. Мемарыяльная частка – гэта бібліятэка і рабочы кабінет П.Броўкі – той інтэр’ер, дзе ўсе рэчы і мэбля стаяць на сваіх месцах, як і пры жыцці паэта.Асабістая бібліятэка П.Броўкі захоўвае творы мастацкай літаратуры ад старажытнарымскіх часоў да 1980 года. Гэта кнігі замежных аўтараў у перакладзе на беларускую або рускую мову, беларуская і руская савецкая літаратура, класічная і пасляваенная літаратура. Гэтыя кнігі выступаюць маўклівымі сведкамі таго, дзе пабываў паэт. А наведаў ён многія куточкі планеты.