Да такіх помнікаў адносіцца і мемарыяльны комплекс «Усакіна». Комплекс нядаўна рэканструявалі: у жніўні адбылося адкрыццё ўжо абноўленага «Усакіна», што з'яўляецца добрай нагодай наведаць гэтае месца, калі Вы там не былі
Напачатку варта сказаць, што Клічаўскі раён часта называюць партызанскім: у гады вайны тут функцыянавала 5 партызанскіх брыгад і 16 атрадаў, а ўсяго Клічаўскую партызанскую зону ахоўвала каля 18 тысяч чалавек.
З'яўленню партызанскай зоны пад Клічавам спрыяў загад Кліма Варашылава фарміраваць дыверсійныя групы ў тыле ворага, але фактычна першымі ва Усакінскія лясы адправіліся самастойна арганізаваныя партызанскія групы.
Нямецкія салдаты цураліся лясоў і балот, якіх шмат на тэрыторыі Беларусі, таму барацьба з партызанамі Клічаўскай зоны была для іх беспаспяховай: партызанскія атрады змагаліся з фашыстамі да самага аб’яднання з Чырвонай Арміяй у 1944 годзе.
Таксама тут функцыянавалі друкарня, дзе выдаваліся газеты «За Радзіму» і «Голас Партызана», і аэрадром, куды прыляталі самалёты з поштай, лістамі, медыкаментамі, лекарамі і боепрыпасамі.
Ёсць у гісторыі Клічаўскай партызанскай зоны і горкія моманты: за правалы ў барацьбе з партызанамі захопнікі адыгрываліся на мірным насельніцтве. Як вынік − 69 спаленых вёсак і смерць больш за 3 тысячы чалавек.
Мемарыяльны комплекс «Усакіна» заснаваны ў 1985 годзе як напамін пра нявінныя ахвяры сярод мясцовага насельніцтва і абаронцаў краіны.
Мемарыяльны комплекс размешчаны ў лесе і займае тэрыторыю некалькі кіламетраў. У комплекс уваходзяць кампазіцыя «Расколатая хата», партызанскія могілкі, адноўлены лагер і маналіт, які гаворыць пра прысутнасць Магілёўскага падпольнага абкама партыі ў партызанскай зоне.
Кампазіцыя «Расколатая хата» прысвечана спаленым падчас вайны вёскам Вязень і Сялец. Іх жыхары былі расстраляныя, а іх дамы − разрабаваныя перад знішчэннем. Гэта зрабіў той жа батальён, які пазней спаліў Хатынь. У памяць пра загінулых мірных жыхароў усталяваныя два памятныя камяні − для кожнай знішчанай вёскі.
У адноўленым лагеры наведвальнікі разгледзяць зямлянкі і паглыбяцца ў побыт партызан. Захавалася тут і друкарня, а таксама памятны баян партызана Буракоўскага, з якім ён дайшоў да Берліна. На тэрыторыі лагера захаваліся варонкі ад скінутых снарадаў, у якіх зараз збіраецца балотная вада.
Маналіт пра прысутнасць Магілёўскага абкама партыі ў партызанскай зоне падкрэслівае важнасць гэтага фарміравання ў агульнай вайне супраць фашызму.
Больш падрабязна пра Клічаўскую партызанскую зону можна даведацца ў краязнаўчым музеі раёна: тут турысты ўбачаць зброю, асабістыя рэчы, малюнкі партызана Аляксандра Шкляра, а таксама рацыю.
Мемарыяльны комплекс «Усакіна» − гэта яшчэ адно месца, якое захоўвае ў сабе важны напамін пра тыя часы. Яно аб’ядноўвае ў сабе і манументы, і рэальныя захаваныя аб’екты тых часоў. Таксама на базе комплексу «Усакіна» праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі, што робіць гэтую славутасць не проста месцам для «паглядзець», а месцам з паўнавартасным паглыбленнем у мінулае.
Таму мемарыял напэўна варта наведаць хаця б адзін раз нават тым, хто не цікавіцца гісторыяй вайны. Бо такія мясціны расказваюць пра важны перыяд у гісторыі нашай краіны, які ў далейшым моцна паўплываў на ўсё яе развіццё.