Мінскі аўтамабільны завод — асаблівае прадпрыемства. Па-першае, яно займае велізарную тэрыторыю і па праве можа называцца «горадам унутры горада». Тут ёсць свае вуліцы, скрыжаванні, чыгунка і мноства цэхаў. Маштабы гэтага прадпрыемства-гіганта здзіўляюць. Па-другое, пад маркай «МАЗ» з канвеера штогод сходзяць цягачы, бартавыя аўтамабілі, аўтобусы. Усяго прадукцыя завода прадстаўляе больш за 500 мадэляў і мадыфікацый. Большасць вядомых сёння прадпрыемстваў пачыналі сваю вытворчасць з распрацаваных на МАЗе мадэляў. Тут былі прыдуманы БелАЗ і нават першы КамАЗ. А вынослівыя грузавікі МАЗ даўно сталі фаварытамі на прэстыжных гонках, у тым ліку і знакамітым ралі «Дакар». У 2018 годзе каманда МАЗ-СПОРТаўта заняла ў гэтым спаборніцтве 2-е месца.
Гісторыя завода пачынаецца ў 1930-м годзе, калі на тэрыторыі сучаснага завода знаходзілася вялікая вайсковая частка Чырвонай Арміі. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіліся рамонтныя павільёны нямецкай танкавай дывізіі, на базе якіх з'явіўся завод, які абслугоўваў аўтамабілі і танкі вермахта. У жніўні 1944-га Дзяржкамітэт абароны СССР пастанавіў арганізаваць у гэтым месцы аўтазборачны завод. У гэтым жа годзе паралельна з будаўніцтвам завода тут пачынаецца «адвёрткавая» зборка грузавікоў Studebaker, якія пастаўляліся з ЗША па ленд-лізу. У 1947-м годзе зборка «амерыканцаў» спыняецца, а будаўніцтва завода працягваецца. Першыя пяць аўтамабіляў МАЗ-205, якія сышлі з канвеера ў канцы 1947-га года, сталі стартам беларускага цяжкага аўтамабілебудавання. З тых часоў МАЗ ператварыўся ў флагмана беларускага машынабудавання.