Замкавы комплекс «Мір» – унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі.
У 2000 годзе Мірскі замак быў улучаны ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА.
У архітэктурны ансамбль Міра ўваходзяць замак-музей XVI–XX стагоддзяў з 39 паўнавартымі экспазіцыямі, земляныя валы, маляўнічыя паркі і сажалка, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх.
Замкавы комплекс «Мір» – гэта аб'ект з добра развітай інфраструктурай: два канферэнц-залы для правядзення сустрэч на высокім узроўні, гатэль на 16 нумароў, рэстаран са стравамі даўнейшай кухні, сувенірная крама з вырабамі беларускіх майстроў.
Нароўні з традыцыйнымі экскурсіямі музей падае і тэатралізаваныя. На канцэртавых пляцоўках замкавага комплексу «Мір» традыцыйна праводзяцца музычныя і рыцарскія фэстывалі, а таксама фэстывалі мастацтваў і рамеснай творчасці.
У 2019 годзе комплекс наведала звыш 320 тысяч турыстаў.
Мірскі замак неаднаразова рабіўся пераможцам рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Спазнай Беларусь»: 2012 г. – грамата «За развіццё культурнага турызму»; 2014 г., 2015 г. – лаўрэат у намінацыі «За актыўнае развіццё турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь».