У 1604 годзе сялу Чавусавічы быў падараваны статус горада. Менавіта на месцы гэтага сквера ў XVII-XVIII стагоддзях знаходзіўся каменны будынак гарадской ратушы, у якой засядаў выбарны орган гарадскога самакіравання магістрат. У 1634 годзе, 12 жніўня, каралём польскім і князем Вялікага Княства Літоўскага Уладзіславам IV, Чавусам быў дараваны прывілей на так званае Магдэбурскае права. Горад вызваляўся ад апекі тагачасных вышэйшых чыноўнікаў і вырашаў свае сацыяльныя і эканамічныя пытанні самастойна, праз выбарнага войта (бурмістра) і раду. Горад таксама меў свой суд. Прывілеем даваўся Чавусам і герб-выява Святога Марціна на кані. Гэта месца звязана з традыцыямі гарадскога самакіравання нашага горада.