Усё гэта тэматычнае: не гатэль, а домік эканома ці вікінгаў, не бар, а броварня старкі, не кафэ, а шынок. Нацыянальны каларыт розных часоў – яшчэ не ўсё. Разыначка месца – у людзях, якія там працуюць, і атмасферы, якую яны ствараюць. Сула – некамерцыйны праект, выручка ад турыстаў ідзе выключна на падтрыманне і развіццё комплексу: у недалёкім 2014 годзе на месцы парку былі руіны, бруд і балота. Але дзякуючы ініцыятыве ўладальнікаў і валанцёраў месца набыло цяперашні выгляд.
«Вялікае княства Сула» – загарадны комплекс, парк інтэрактыўнай гісторыі. Знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Мінска, на беразе некалі магутнай і глыбакаводнай, а зараз проста маляўнічай ракі Сулы. Гэта месца, дзе можна выдатна правесці як выходныя, так і цэлы адпачынак: тут вы знойдзеце камфортнае жыллё, арганізацыю харчавання, адпачынку і забаў.
Тут не будзе трывіяльных экскурсій і нудных сівых гідаў. Вас сустрэнуць прадстаўнікі розных часоў і саслоўяў – шляхцічы, сяляне, князі і іх папярэднікі – вікінгі. У такой кампаніі вы наведаеце тэматычныя пляцоўкі:
Не варта сумаваць пры слове «музей». Ад яго тут толькі экспанаты і назва. У астатнім вы акуняцеся ва ўнікальную імпрэзу, дзе давядзецца і прабегчыся, і пастраляць, і паесці. Песні і танцы прадугледжаны. Кошт білета 20 руб.
Увага, сакрэцік: для падпісчыкаў сацыяльных сетак Сулы дзейнічае сяброўская цана – 15 руб. Проста пакажыце падпіску на ўваходзе.
У гэты кошт уваходзіць стандартная гадзінная экскурсія, якая праходзіць некалькі разоў у дзень па раскладзе, варта толькі своечасова далучыцца да групы. Ёсць і пашыраная праграма на 4 гадзіны, яе заказваюць для групы і аплачваюць асобна (ці можна прыехаць у свята і сарваць гэты «джэк-пот» бясплатна – напрыклад, у купалле). У яе ўваходзяць майстар класы і больш актыўнасцяў. Топ рэчаў, якія варта зрабіць у Суле:
Наведаць фестываль «Чарка-шкварка». Гэта лістападаўскі фестываль традыцыйнай ежы. Гастрафэсты побач не стаялі. Ежа розная: ад нацыянальнага фастфуду да старажытных і вытанчаных рэцэптаў, пра якія вы нават не чулі.
Тут дае майстар-клас старшыня Гільдыі беларускіх повараў і шэф-повараў. Спрабавалі калі-небудзь «чорную поліўку»? А тут яе навучаць гатаваць. Гэта шляхецкі традыцыйны суп са свіной крывёй. На смак значна прыемней, чым вы ўявілі. А калі не спадабаецца – зап'яце крамбамбуляй або старкай. Зразумела, сакрэты гатавання таксама раскрыюць. Але Чарка-шкварка – гэта не толькі пра ежу. Гэта яшчэ і пра культуру беларусаў: не заўважыце, як уцягнецеся ў шляхецкія спаборніцтвы – стральба з лука і арбалета, кіданне коп'яў і сякер, і іншыя забавы, напрыклад, старажытныя танцы. І галоўная цікавостка свята ў Суле – гатаванне нечага грандыёзнага на агні (напрыклад, вялізнага бліна або хатняй каўбасы), натуральна, з дэгустацыяй.
Гатовыя паспрачацца, што нават калі вы падпішацеся на сацсеткі парку дзеля зніжкі, пасля наведвання наўрад ці захочаце адпісацца, бо Сула – гэта месца, дзе і сапраўды ажывае наша, беларуская, гісторыя.