Аб аб'екце

Мінскі палац спорту — шматфункцыянальны спартыўна-канцэртны комплекс у Мінску, размешчаны па праспекце Пераможцаў, 4, каля ракі Свіслач. Палац можа прымаць спаборніцтвы па 22 відах спорту, а таксама канцэрты і іншыя відовішчныя мерапрыемствы. Умяшчальнасць у спартыўным варыянце складае 3311 гледачоў, у канцэртнай — 4500.

Палац спорту ў 1981 годзе
Палац спорту ў 1981 годзе

 

Гісторыя

Праект Рэспубліканскага Палаца спорту быў распрацаваны аўтарскім калектывам інстытута «Белдзяржпраект» у складзе галоўнага архітэктара С. Д. Філімонава, архітэктара Малышава В. М. і галоўнага інжынера праекта Каржэўскага В. У. Будаўніцтва вялося з верасня 1963 да траўня 1966 года з жалезабетону і стальных канструкцый. У свой час было найбольшым у рэспубліцы закрытым спартыўным збудаваннем шматмэтавага прызначэння і першым у краіне, створаным па новай асіметрычнай планіровачна-тэхналагічнай схеме. Асаблівасцю праекта было асіметрычнае размяшчэнне гледачоў на стацыянарных трыбунах і сцэна на процілеглым боку спартыўнай пляцоўкі. Дадзенае рашэнне ў спалучэнні з выкарыстаннем зборных трыбун у партэры, дазваляла ператвараць арэну ў канцэртную залу. Праект стаў тыпавых і быў паўторна рэалізаваны ў Чалябінску, Днепрапятроўску, Валгаградзе і Вільне. У 1984 годзе Палац спорту уключаны ў Пералік помнікаў гісторыі і культуры БССР.

Палац на мапе
Палац на мапе

 

Архітэктура

Амаль квадратны ў плане (82×78 м) будынак пастаўлены на подыум з каскадам лесвіц, вырашаны ў лаканічных формах. Кампазіцыя галоўнага фасада заснавана на рытме магутных нахіленых жалезабетонных пілонаў, якія падтрымліваюць навісаючы аб’ём глядзельнай залы, вылучанай суцэльнай на ўсю шырыню фасада агароджай балкона. Рытм бакавых фасадаў вырашаны чаргаваннем высокіх праёмаў з шклаблочным запаўненнем і вузкіх пілонаў. Да бакавых фасадаў прылягаюць нізкія выцягнутыя крылы.

Планіровачная і функцыянальная арганізацыя будынка простая і выразная. Глядзельная зала (па 4 тыс. месцаў, пры трансфармацыі залы і арэны — да 6 тыс. месцаў) разлічана на правядзенне спаборніцтваў па 22 відах спорту, канцэртаў, тэатралізаваных відовішчаў, сходаў, мітынгаў, паказ кінафільмаў. Тэхнічнае абсталяванне дазваляе ствараць ледзяную пляцоўку для хакея, фігурнага катання на каньках, балета на лёдзе. Мае 2 спартыўныя залы, адміністрацыйныя і дапаможныя памяшканні. Стальныя фермы перакрыцця залы з сінтэтычным пакрыццём. У аздобе сцен выкарыстана дэкаратыўная драўляная шалёўка. Шырокае фае 1-га паверха (размешчаны гардэробы) мае суцэльнае зашкленне, падшыўную столь. Бакавыя двухмаршавыя лесвіцы аб’ядноўваюць фае з цокальным паверхам і фае 2-га паверха. У апрацоўцы інтэр’ераў выкарыстаны рыфлёныя пліты з белага мармуру, фанероўка, наборная мазаічная падлога.