Шырокая распаўсюджанасць страў з цёртай бульбы — асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфарміравалася яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя і захоўваецца да гэтага часу. Радзімай бульбы лічыцца Паўднёвая Амерыка. Там дагэтуль можна ўбачыць дзікія гатункі. А ў Беларусь яе прывёз Францішак Стэфан Сапега ў сярэдзіне XVII стагоддзя.
Першапачаткова бульба не карысталася попытам. Яе дадавалі ў поліўкі, кармілі хатніх жывёл, рабілі крухмал і нават мылі тканіну цёртай масай. Звыклыя бульбяныя аладкі — дранікі (ад слова «драпить» — церці, драбіць, разбіваць), з'явіліся значна пазней.
Бульба — вельмі сытны прадукт. Менавіта таму яе называюць «другім хлебам». У Беларусі налічваецца каля 300 розных рэцэптаў прыгатавання страў з бульбы, многія з якіх перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Каб пазнаёміць гасцей з традыцыямі беларускіх гаспадынь, даведацца сакрэтныя рэцэпты і пакаштаваць унікальныя стравы з бульбы, у Віцебску правялі гастранамічны фестываль «Бульба-Картошка-Potatoes». Ды не проста фестываль, а маштабнае мерапрыемства з конкурсамі на лепшую страву і лепшы раён з прадстаўленнем беларускіх страў з бульбы, вялікай канцэртнай праграмай, тэатральным прадстаўленнем і дэгустацыяй. А на пляцоўцы РУП «Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі» распавялі, як вырошчваюць бульбу з прабіркі.
Акрамя традыцыйных страў з бульбы, гасцей здзіўлялі эксклюзіўнымі блюдамі: бульбяныя кракеты з мясам, дранбургеры, хрушчы, ролы, а таксама «праснакі», «цярцюха», «кнышы» i «жулікі». Самай незвычайнай стравай стаў бульбяна-шакаладны торт — вытанчаны дэсерт, у якім не кожны змог адчуць бульбяныя ноткі. А пераможцам у намінацыі «Кулінарны шэдэўр» стаў лінь пад футрам: скуру ліня начынілі рыбным фаршам, скруцілі ў рол і накрылі бульбяным пюрэ.
Атмасфернае і каларытнае свята праводзілася ўпершыню, але ўдастоілася граматы «За ўклад у развіццё ўнутранага і ўязнога турызму». Папулярызацыя страў нацыянальнай кухні — неад'емная частка культурнай спадчыны Беларусі.