Александрыя не проста аграгарадок, які знаходзіцца на беразе Дняпра, але яшчэ і тэрыторыя, дзе маштабна святкуюць галоўную падзею ліпеня – Купалле. Тут штогод збіраюцца не толькі беларусы, але і госці з Расіі і Украіны. За час існавання фестываль наведалі больш за 100 тысяч чалавек! Тут ужо нарадзіліся свае традыцыі і асаблівасці, пра якія і будзе гэты артыкул.
Як развіваўся фестываль?
Усё пачалося з 2010 года: тады на мерапрыемства прыехалі толькі людзі з бліжэйшых гарадоў, такіх як Магілёў, Шклоў і Орша, і вёсак.
А ў наступным годзе на свяце прысутнічалі ўжо расійскія і ўкраінскія артысты.
У 2012 быў зроблены акцэнт на выставы рамеснікаў з розных краін, а таксама праводзілася пасяджэнне Прыдняпроўскіх краін.
Наступны фестываль вырас да таго, што ў праграме былі і прэзентацыя новых праектаў, і правядзенне міжнародных майстар-класаў па кераміцы, і археалагічная выстава.
2014 год быў юбілейным для фестывалю, на ім праходзілі тры буйныя кірмашы: Ніжагародскі, Сарочынскі і Александрыйскі, а ў «Гасцёўні бульбаша» гасцям прапаноўвалі пакаштаваць традыцыйную беларускую кухню.
На наступным свяце наведвальнікам паказалі мюзікл «Папараць-кветка», які настолькі ўсім спадабаўся, што яго потым паказвалі ў іншых гарадах Беларусі. Так з’явілася новая традыцыя на фестывалі – паказ тэатральных выступаў.
У 2016 упершыню правялі экскурсію па свяце і акунулі ўсіх прысутных у сапраўдную купальскую казку.
Праз год фестываль «Александрыя збірае сяброў» атрымаў міжнародны статус, дзе ўжо ўдзельнічалі латвійскія, літоўскія, эстонскія і польскія калектывы.
У 2018 годзе колькасць гасцей узрасла да 110 тысяч!
У наступныя гады на свяце арганізоўвалі мноства забаў для моладзі і праводзілі розныя ўзнагароджанні, урачыстыя адкрыццё і закрыццё свята.
Чаго чакаць у 2021 годзе?
Гэтым разам свята будзе праводзіцца з 10 па 11 ліпеня, і, па традыцыі, праграма будзе вельмі насычанай, у ёй будуць свае сюрпрызы.
У суботу, 10 ліпеня:
Будзе працаваць экскурсійны маршрут па ўсіх святочных пляцоўках,
Арганізавана выстава Мінскага трактарнага завода і выстава-кірмаш з працамі падворкаў з «Александрыйскай гасціны»,
На маладзёжнай пляцоўцы будуць праходзіць творчы і сельскагаспадарчы праекты,
Адбудзецца спаборніцтва па паўэрліфтынгу,
Будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, дзе пакажуць спектакль акцёры з тэатра лялек,
Цырк-шапіто пакажа шоу з розных цыркавых жанраў,
Пройдуць экспазіцыі «Малая радзіма» і «Тканае неба Александрыі»,
Можна будзе наведаць краязнаўчы музей Александрыі,
Арганізавана тэматычная пляцоўка, якая прысвечана аўтамабільнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь.
На малой канцэртнай пляцоўцы з раніцы адбудзецца паказ канцэртнай праграмы з удзелам дзяцей і падлеткаў з розных прадзюсарскіх цэнтраў, у абед будуць выступаць калектывы з беларускіх грамадскіх аб’яднанняў. Пасля пакажа прадстаўленне група «Jazz City Band», і адбудуцца цырымоніі ўзнагароджання і адкрыцця фестывалю.
На галоўнай канцэртнай пляцоўцы познім вечарам арганізаваны вялікі канцэрт, дзе будуць выступаць народныя калектывы, артысты сучаснай эстрады, а ў 23.00 будзе пяціхвілінны маляўнічы феерверк.
Пасля яго да 02.00 можна будзе патанчыць на дыскатэцы, прысвечанай 80-90 гадам, дзе будуць удзельнічаць лепшыя ды-джэі нашага часу.І гэта толькі малая частка таго, што Вас там чакае!
Фестываль «Александрыя збірае сяброў» падыдзе ўсім, хто шукае новыя знаёмствы і забавы. Так што нічога не плануйце на выходныя і смела адпраўляйцеся ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, не забываючы з сабой сродкі індывідуальнай абароны, бо на свяце ў абавязковым парадку выконваецца санітарна-эпідэміялагічны рэжым. Александрыя чакае вас!